Джэймс Брайнэр: «Якасная журналістыка – выдатны бізнэс»


Амерыканскі эксперт лічыць давер да СМІ галоўным капіталам выдання.

Амерыканскі эксперт, былы журналіст, а зараз медыятрэнер лічыць давер да СМІ галоўным капіталам выдання.

І заклікае ўладальнікаў газет уважліва ставіцца да любых спробаў уладаў ці бізнэсу «дамовіцца» з выданнем пра тое, што варта і чаго не варта друкаваць.

«Галоўны капітал любога выдання — давер да яго, — адзначыў Джэймс Брайнэр падчас сустрэчы с беларускімі журналістамі. — І дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да незалежных СМІ толькі пацвярджаюць гэты тэзіс. Улады імкнуцца закрыць незалежныя выданні, якія карыстаюцца даверам і чытачоў, і рэкламадаўцаў».

«Я пабываў у пяці рэгіянальных беларускіх выданнях, і паўсюль мне гаварылі, што людзі любяць гэтыя газеты за іх незалежны голас. Што рэкламадаўцы нясуць рэакламу, каб іх тавары ці паслугі таксама карысталіся гэтай любоўю і даверам», — адзначыў амерыканскі эксперт.

Але давер, па назіраннях Джэймса Брайнэра — рэч вельмі далікатная, якую даволі лёгка згубіць, калі пачаць «танчыць пад чужую дудку».

«Уладальнікі выданняў, якія ціснуць на журналістаў, каб тыя не пісалі на непрыемныя для бізнэсу альбо ўладаў тэмы, не разумеюць, што робяць. Бо рэкламадаўцы, не кажучы ўжо пра ўлады, размаўляюць паміж сабою і не могуць не распавесці адзін аднаму, як „дамовіліся“ з газетай. Можа быць, такая „дамоўленасць“ у найбліжэйшай перспектыве і будзе ўзаемавыгаднай, але ў будучым газета страціць давер, аднойчы „прагнуўшыся“ пад гэтых людзей», — лічыць Джэйс Брайнэр.

Гаворка пра этычныя стандарты працы амерыканскіх і беларускіх журналістаў адбылася ў межах кампаніі БАЖ «За якасную журналістыку». На чарговай сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць прыняцця рэдакцыйных палітык, ці «статутаў», дзе былі б замацаваныя асноўныя прынцыпы дзейнасці рэдакцый.

Дарэчы, спробы стварыць такія адкрытыя дакументы ўжо прадпрымалі некаторыя беларускія СМІ. У прыватнасці ў траўні бягучага году газета «Інфа-кур’ер» прыняла свой маніфест, у якім паспрабавала замацаваць асноўныя прафесійныя стандарты і этычныя падыходы да раскрыцця той ці іншай тэмы.