Як выжыць традыцыйнай журналістыцы?


Канкураванне з аматарамі ў пагоні за сенсацыямі, чуткамі і плёткамі практычна немагчымае. Журналістам і СМІ варта  надаваць больш увагі збалансаванасці інфармацыі.

Канкурэнцыя з «глабальнай вёскай», якой з’яўляецца інтэрнэт, сур’ёзна ўплывае на сучасную журналістыку. Некаторыя скептыкі нават лічаць, што ў найбліжэйшай будучыні традыцыйныя СМІ знікнуць увогуле. Аптымісты трымаюцца думкі, што газеты застануцца, але стануць элітарным і дарагім «прадуктам».

Якія змены адбываюцца ў сучаснай медыясферы і як яны ўплываюць на прафесію журналіста? Як захаваць стандарты і абараніць этычныя правілы журналісцкай дзейнасці? Пра гэта і іншае ішла гаворка ў часе двухдзённага семінару БАЖ, арганізаванага ў межах кампаніі «За якасную журналістыку».

Калі ваша СМІ цікавяць плёткі і чуткі — у інтэрнэце вы станеце лузерамі

«Развіццё інтэрнэту ставіць перад друкаванымі і нават электроннымі сродкамі масавай інфармацыі ўсё новыя і новыя выклікі, — адзначае выканаўчая дырэктарка Інстытута масавай інфармацыі Вікторыя Сюмар (Кіеў, Украіна). — Газеты ўжо ніхто не разглядае ў кантэксце аператыўнага інфармавання, і нават аналітыка ў іх значна саступае той колькасці разнастайных меркаванняў, якія можна знайсці ў глабальным сеціве».

Тэлебачанне, якое да нядаўняга часу яшчэ магло канкураваць з інтэрнэтам, таксама здае пазіцыі, бо аматарскае відэа з месцаў падзеяў з’яўляецца ў сеціве значна хутчэй, чым да «эпіцэнтру» дабіраюцца здымачныя групы з прафесійнай апаратурай, адзначае экспертка. Больш за тое — тэлебачанне само вымушана сыходзіць у інтэрнэт, яно робіцца больш інтэрактыўным, дае свабоду выбару гледачам, не прывязвае іх да сеткі вяшчання.


Вікторыя Сюмар

Між тым, інфармацыйную прастору паціху заваёўваюць аматары, якія вядуць блогі, пішуць у сацыяльных сетках і г.д. І тое, што спачатку выглядала як хобі і графаманства, сёння пачынае дыктаваць новыя правілы працы для прафесійных журналістаў.

«Канкураваць з аматарамі складана галоўным чынам таму, што, сыходзячы ў інтэрнэт, СМІ вымушаныя скарыстоўваць тыя сродкі падачы і каналы распаўсюду інфармацыі, якія там зараз карыстаюцца папулярнасцю. Медыя не могуць не зважаць на аўдыё- і відэакантэнт, на форумы і сацыяльныя сеткі. Але, чым больш журналісты ўцягваюцца ў гэта, тым складаней ім заставацца прафесіяналамі», — азначае Вікторыя Сюмар.

Спецыяліст заўважае, што, спрабуючы канкураваць з аматарамі ў хуткасці распаўсюду інфармацыі, журналісты нярэдка грэбуюць асноўнымі «правіламі гульні»: аб’ектыўнасцю, неабходнасцю правяраць факты, звярнуцца да экспертаў з рознымі пунктамі гледжання…

«Між тым, менавіта праверка інфармацыі становіцца адным з самых галоўных фактараў працы журналіста. Аналіз фактаў, тэлефанаванні экспертам, удакладненне інфармацыі — вось галоўнае адрозненне журналістаў ад аматараў. Бо блогі — гэта меркаванне, нават калі гаворка ідзе пра выкладанне фактаў, журналісцкі матэрыял — гэта розныя пункты гледжання, расследаванне, то бок разгляд факта з розных бакоў», — гаворыць украінская экспертка.

Канкураванне з аматарамі ў пагоні за сенсацыямі, чуткамі і плёткамі практычна немагчымае, лічыць Вікторыя Сюмар. І раіць журналістам і СМІ надаваць больш увагі збалансаванасці інфармацыі.

Ёсць толькі адна рэч горш за праўду — чуткі пра праўду

Былы журналіст і рэдактар, а зараз медыякансультант Джэймс Брайнэр (ЗША) лічыць, што выратаваць прафесійную журналістыку ў вірлівым моры інфармацыі павінны, перш за ўсё, прафесійныя журналісцкія стандарты, якія базуюцца на этычных прынцыпах.

«Ёсць каштоўнасці, якія падзяляюць людзі ва ўсім свеце. Сярод іх — праўда, свабода, правасуддзе, павага, адказнасць, любоў… І журналістам варта штодня памятаць пра гэтыя каштоўнасці», — адзначае Джэймс Брайнэр.


Джэймс Брайнэр

І не толькі памятаць, але і бачыць, як розныя каштоўнасці канфліктуюць паміж сабой, нараджаючы этычныя дылемы. Напрыклад, праўда нярэдка канфліктуе з вернасцю — калі журналіст вымушаны вырашаць, ці пісаць пра падзею, у якой фігуруе нехта са сваякоў ці сяброў. А справядліваць часам «не сябруе» са спачуваннем, калі рэпарцёры выкарыстоўваюць «схаваную камеру». Але найчасцей сутыкаюцца «індывідуальнае» і «грамадскае» — калі журналістам трэба вызначыцца са ступенню грамадскай цікавасці да факта ці асобы.

«Этычныя канфлікты здараюцца штодня, іх тысячы, сотні тысяч, і нярэдка даводзіцца чуць ад журналістаў, што яны будуць вырашаць праблему, калі тая з’явіцца. На маю думку, так не павінна быць. Дыскусія аб прафесійнай этыцы, аб стандартах, мадэлі журналісцкіх паводзінаў павінна адбывацца за месяц, год, два да здарэння, каб быць да яго гатовым, каб не наламаць дроваў», — адзначае амерыканскі эксперт.

Менавіта таму галоўным аргументам у барацьбе за якасную журналістыку для грамадства робяцца этычныя кодэксы і рэдакцыйныя палітыкі, у якіх СМІ бяруць на сябе абавязак прытрымлівацца прафесійных стандартаў гульні, вызначаюцца, як асвятляць розныя падзеі, прапісваюць этыку паводзін з ахвярамі злачынстваў, з меншасцямі, дзецьмі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і г.д.

«Журналісты не спыняюцца і ніколі не павінны спыняцца ў пошуках фактаў, але яшчэ больш важна, каб гэтыя факты не прынеслі больш шкоды, чым дапамогі грамадству», — адзначае Джэймс Брайнэр. І дадае: «Між тым, існуе толькі адна рэч, горшая за праўду, — чуткі аб праўдзе».

Прафесіяналам — прафесійныя стандарты

І экперт з ЗША, і экспертка з Украіны сыходзяцца на тым, што прапісаныя журналістскія стандарты павінны стаць такой жа важнай умовай працы, як асобнае працоўнае месца, свежае паветра і сацыяльная абароненасць.

«Для журналістаў гэта важна, каб разумець, як працуе іх медыя, чаго чакае ад іх рэдактар, як выглядае эталон іх працы. Для ўласнікаў і рэдактараў гэта магчымасць паказаць свой статус, быць упэўненымі, што на іх працуюць прафесіяналы», — адзначае Вікторыя Сюмар.

Першым і другім прапісаныя рэдакцыйныя палітыкі павінны даць упэўненасць у іх канкурэнтназдольнасці на рынку.

Калі СМІ думае пра заўтрашні дзень і ставіць задачу не толькі ўтрымацца, але і развівацца далей, то выпрацаваныя і запісаныя рэдакцыйныя правілы стануць тым маяком, які не дасць збіцца са шляху. Ды яшчэ і маладых таленавітых журналістаў прывядзе, лічаць абодва эксперты.