"Витебский курьер-М" апынуўся на мяжы выжывання


9 чэрвеня недзяржаўнай беларускай газеце "Витебский курьер-М" споўнілася 16 гадоў.

9 чэрвеня недзяржаўнай беларускай газеце "Витебский курьер-М" споўнілася 16 гадоў. Між тым, пазбаўленае падпіскі і продажу ў кіёсках выданне апынулася на мяжы выжывання: у рэдакцыі няма чым плаціць заробак супрацоўнікам, і некаторыя з іх пачалі звальняцца. Газеце пагражала скасаванне дамовы арэнды за запазычанасць па аплаце. Акрамя гэтага, супраць рэдакцыі можа быць пададзены зыск на буйную суму.

Як паведаміў БАЖ дырэктар ЗАТ "Выдавецкі дом "Витебский курьер" Валерый Іскібаеў, на арандадаўцаў увесь час ціснуць гарадскія ўлады з тым, каб выселіць рэдакцыю з памяшкання. З-за фінансавых цяжкасцяў газета затрымала арэндную плату за 2 месяцы, і гэта ледзьве не стала нагодай для скасавання дамовы, аднак кіраўніцтву прадпрыемства ўдалося пагасіць запазычанасць у апошні момант.

Акрамя гэтага, дзве нядаўнія публікацыі могуць стацца нагодай для новых судовых зыскаў супраць газеты. Нядаўна В. Іскібаеву тэлефанавала адвакат мясцовага прадпрымальніка, які палічыў, што газета распаўсюдзіла непраўдзівыя звесткі ў артыкуле пра разгорнутае ім будаўніцтва офіснага будынку ў цэнтры Віцебска. Паводле адваката, прадпрымальнік рыхтуе зыск, у якім патрабуе спагнаць з рэдакцыі буйную суму.
Днямі рэдакцыя атрымала ліст ад намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, якая просіць "прадаставіць тлумачэнні адносна падставаў" для адной з публікацый. Маецца на ўвазе артыкул "Витязь" мимо кассы" ("ВК" №37 ад 19.05.2006), у якім ішла гаворка пра карупцыю ў дырэктараце УП "Витязь". Пасля з'яўлення публікацыі кіраўніцтва "Витязя" напісала ліст у Мінінфармацыі, заявіўшы, што распаўсюджаныя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, і выказаўшы жаданне даведацца крыніцу інфармацыі газеты.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"