Пракуратура шукае рэдактара газеты "Згода"


Пракуратура РБ прад'явіла абвінавачанне рэдактару газеты "Згода" Аляксандру Здвіжкову па крымінальнай справе аб перадрукоўцы карыкатур на прарока Мухамеда.

Пракуратура РБ прад'явіла абвінавачанне рэдактару газеты "Згода" Аляксандру Здвіжкову па крымінальнай справе аб перадрукоўцы карыкатур на прарока Мухамеда. Адпаведная пастанова з'явілася яшчэ ў сакавіку г.г., і ў бліжэйшы час справу могуць перадаць у суд, хаця дагэтуль следчым органам не ўдалося высветліць месцазнаходжанне абвінавачанага, Пра гэта паведамляе "Белгазета" ў артыкуле "Креатив для прокуратуры. Сотруднику газеты "Згода" предъявлено обвинение".

А Здвіжкову інкрымінуюць парушэнне ч.1 арт.130 КК Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці). Менавіта ён у адсутнасці галоўнага рэдактара прапусціў у друк публікацыю "Политический креатив", якая з'явілася ў газеце "Згода" (№ 6 ад 18-26 лютага 2006 г.) і была праілюстраваная перадрукаванымі з замежнай прэсы карыкатурамі на прарока Мухамеда. Справу завялі па выніках праверкі Пракуратуры РБ і КДБ, якую, у сваю чаргу, праводзілі на падставе звароту ў праваахоўныя органы Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і мусульманскіх супольнасцяў Беларусі.
Спачатку крымінальная справа была ўзбуджана па факце публікацыі, а А. Здвіжкоў (як і галоўны рэдактар А. Кароль) праходзіў па ёй як сведка. У рэдакцыі газеты 22 лютага быў праведзены ператрус, канфіскавана ўсё абсталяванне і фінансавыя дакументы газеты. 23 лютага Пракуратура РБ выступіла з заявай, у якой дала прававую ацэнку публікацыі, і накіравала ў Міністэрства інфармацыі "прадстаўленне" з просьбай зрабіць захады па прыпыненні альбо спыненні дзейнасці выдання. Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне рэдакцыі газеты "Згода" па арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ". Паколькі гэта было другое цягам году папярэджанне па гэтым артыкуле, у Мінінфармацыі з'явілася падстава звярнуцца ў Вышэйшы Гаспадарчы суд з зыскам аб спыненні дзейнасці недзяржаўнай газеты. 6 сакавіка міністэрства падало зыск, 7 сакавіка суд прыпыніў газету да суда, а 17 сакавіка - прыняў рашэнне аб спыненні яе дзейнасці.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"