У Сусветны дзень свабоды прэсы суд апраўдаў журналістаў
3 траўня суд г. Бабруйска закрыў адміністратыўную справу ў дачыненні да двух журналістаў недзяржаўнай газеты "Бобруйский курьер", якіх міліцыя звінавачвала ў дробным хуліганстве. Суддзя палічыла, што міліцыя не прадставіла ў судзе дастатковых доказаў і не забяспечыла яўкі сведкаў са свайго боку; яна спаслалася на пастанову пленуму Вярхоўнага суда Беларусі, паводле якой абавязак даказваць факт здзяйснення правапарушэння ўскладаецца на орган, што склаў пратакол.
Пазаштатных карэспандэнтаў "Бобруйского курьера" Мікіту Быцэнку і Юрыя Светлакова затрымалі 25 сакавіка супрацоўнікі Ленінскага раённага аддзялення міліцыі Бабруйску. Амаль суткі журналісты правялі ў гарадскім ізалятары часовага ўтрымання. У судзе 26 красавіка высветлілася, што журналістаў звінавачваюць у дробным хуліганстве: сведкі з боку міліцыі сцвярджалі, што яны ішлі па вуліцы, нецэнзурна лаяліся, не рэагуючы на заўвагі. Ані М. Быцэнка, ані Ю. Светлакоў не прызналі сваёй віны. Паколькі ў суд не з'явіліся сведкі з боку абвінавачання, слуханні перанеслі на 27 красавіка, а потым, з той жа прычыны - на 3 траўня.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"