CPJ: Беларусь - у дзесятцы краін з найбольш жорсткай цэнзурай


Беларусь уваходзіць у дзесятку краін з найбольш жорсткай цэнзурай у свеце, - лічыць міжнародная арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (CPJ, Нью-Ёрк).

Беларусь уваходзіць у дзесятку краін з найбольш жорсткай цэнзурай у свеце, - лічыць міжнародная арганізацыя "Камітэт абароны журналістаў" (CPJ, Нью-Ёрк).
2 траўня, напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы, CPJ апублікаваў на сваім сайце адмысловы даклад на гэтую тэму: у спіс, які ачольвае Паўночная Карэя, увайшлі, акрамя Беларусі, Бірма, Туркменістан, Экватарыяльная Гвінея, Лівія, Эрытрэя, Куба, Узбекістан і Сірыя.

"Большасць вяшчальных і друкаваных медыяў у Беларусі падпарадкоўваюцца дзяржаве і нястрыманыя ў сваіх усхваленнях А. Лукашэнкі", - адзначаецца ў дакладзе. "Намінальна незалежныя радыё- і тэлестанцыі пазбягаюць кранаць вострапалітычныя тэмы. Дзяржава закрыла дзесяткі незалежных газет за апошнія гады, і тыя нешматлікія, што засталіся, падвяргаюцца шалёным атакам з боку ўладаў", - канстатуе CPJ. Арганізацыя нагадвае таксама, што некалькі дзесяткаў беларускіх і замежных журналістаў былі зняволеныя пад час кампаніі выбараў прэзідэнта па абвінавачаннях у хуліганстве.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"