Нацбанк Беларусі забыўся на Брагін і праграму яго эканамічнага пад’ёма

Euramost.org

Нацыянальны банк Беларусі не рэалізаваў уласную праграму эканамічнага пад’ёма Брагіна і Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пра гэта даведаліся ўдзельнікі прэс-туру, ладжанага па пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнах Беларусі і Украіны Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Нацыянальны банк Беларусі не рэалізаваў уласную праграму эканамічнага пад’ёма Брагіна і Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пра гэта даведаліся ўдзельнікі прэс-туру, ладжанага па пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнах Беларусі і Украіны Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Некалькі слоў пра сам Брагін. Гэты гарадскі пасёлак, які паводле адміністрацыйнага статуса з’яўляецца раённым цэнтрам, знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на адлегласці ў 357 кіламетраў ад Мінска і ў 119 кіламетрах ад Гомеля. У выніку катастрофы на ЧАЭС і радыяцыйнага забруджання г.п. Брагін апынуўся ў зоне з правам на адсяленне, у выніку чаго яго пакінулі каля 70% жыхароў. Сёння Брагін знаходзіцца ў зоне забруджання, літаральна ў некалькіх кіламетрах ад Палескага радыяэкалагічнага запаведніка. Толькі ў самім Брагіне пасля чарнобыльскай трагедыі было знесена 339 хат.

У суседнім з Брагіным Хоцніцкім раёне працягваецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы па адсяленні вясковых жыхароў і пахаванні вёсак, што выклікае хвалю абурэння ў месцічаў.

«У Брагінскім раёне адсялення больш не будзе, — запэўніў журналістаў Валянцін Гануш. – Яшчэ гады два назад меркавалася адсяліць яшчэ 4 вёскі, дзе заставалася мала жыхароў, усе бегалі, рыхтавалі дакументы, а потым грошай на адсяленне не далі, і справа спынілася. Цяпер хто сам выязджае да сваякоў, хто вымірае… У нашым раёне да аварыі было каля 40 тысяч насельніцтва, зараз засталося 16 тысяч чалавек. У красавіку-маі 1986 адразу былі эвакуіраваны 9 гаспадарак, усяго іх было 27. Потым іх засталося 17, а сёння ў раёне за кошт узбуйнення маецца ўсяго 7 гаспадарак. За межы раёна выехалі каля 24 тысяч чалавек. Адсяленне з самога Брагіна праходзіла ў 1991-1994 гадах, людзі пераязджалі ў розныя рэгіёны, у тым ліку і ў Мінск. Было ў нас 5,5 тысячы жыхароў, а пасля адсялення засталіся 2 тысячы. Сёння ж у Брагіне ўжо 3,5 тысячы насельніцтва, ёсць чарга на жыллё, усяго 347 семьяў зараз чакаюць кватэры. Не ведаю чаму, але зараз людзі індывідуальным жыллёвым будаўніцтвам не займаюцца. Магчыма, за дваццаць год пасля Чарнобыля стварылася такая псіхалогія, што ўсё мусіць зрабіць дзяржава».

Па словах Валянціна Гануша, сёння ў мясцовай школе вучацца 830 дзяцей, у Брагін прыязджае моладзь, і цяпер нараджальнасць (менавіта ў Брагіне – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкаму) перавышае смяротнасць. Прычым прыязджала моладзь і з іншых краін былога СССР пасля яго распаду – з Украіны, Расіі, рэспублік Балтыі, Сярэдняй Азіі. «Мы да іх ужо прызвычаіліся, яны сталі тут сваімі. А вось у раёне сітуацыя выглядае нашмат горш, — адзначае Валянцін Гануш. – Моладзь не застаецца, кадраў няма, вёска вымірае».

На маё пытанне, што робіцца з вырашчанай на забруджаных ворывах прадукцыяй, ці застаецца яна ўнутры раёна, Валянцін Гануш адказаў, што «забруджанае збожжа ідзе на вытворчасць спірту, з малака атрымліваецца чыстае масла». «Што тычыцца мяса, то мы працуем у такім накірунку, што адразу жывёла ўзрошчваецца на розных кармах, а потым ужо цягам месяца жывёлу харчуюць кукурузным сіласам, бо кукуруза практычна не назапашвае радыяцыі, і практычна ў нас у апошнія гады спыніліся вяртанні прадукцыі з мясакамбінатаў, што раней мела месца па прычыне радыяцыйнай забруджанасці мяса», — паведаміў суразмоўца.

Што тычыцца беспрацоўя ў Брагіне і Брагінскім раёне, то, па словах Валянціна Гануша, ёсць такая з’ява, як, прынамсі, і ў іншых рэгіёнах краіны. «Узровень беспрацоўя скаладае крыху больш за 2%, але ў беспрацоўныя трапляюць пераважна тыя, хто сам не жадае працаваць, — адзначае намеснік старшыні райвыканкаму. – Натуральна, бываюць і нармальныя людзі, якія трапілі пад скарачэнне, але яны працаўладкоўваюцца, і праблема вырашаецца. Пры жаданні працу знайсці можна. Горадаўтваральныя прадпрыемствы ў нас сёння – гэта будаўнічая ПМК 91, якая плаціць падаткі, ДУ 148 “Аблдарбуда”, Раённае спажывецкае таварыства і “Камунгас” – вось гэтыя чатыры прадпрыемствы, якія даюць найбольшае паступленне падаткаў. Астятняе – гэта сельскія гаспадаркі».

Па словах Валянціна Гануша, сёння ў Брагіне хапае настаўнікаў, але адчуваецца недахоп медыкаў. «Яны прыязджаюць на два гады, папрацуюць і з’язджаюць, хаця мы будуем “чарнобыльскае” жыллё, і ўсе яны маюць дах над галавой, — кажа прадстаўнік выканаўчай улады. – А вось касцяк настаўнікаў у нас ужо стабілізаваўся, і ў раёне, і ў самім Брагіне».

Раз на год мясцовыя дзеці, паводле слоў спадара Гануша, выязджаюць на аздараўленне ў беларускія санаторыі, а вось адпачынку па-за межамі краіны брагінскім хлопчыкам і дзяўчынкам ужо не прапануюць. «Бываюць невялічкія групы, але такія паездкі за мяжу амаль спыніліся. Чым нашы санаторыі горшыя? З іншага боку, і на Захадзе Чарнобыль пачынаюць забываць, у іх зараз іншыя праблемы – Косава, Албанія, перад гэтым была Югаславія… Да таго ж, каб прыняць дзіця, трэба мець кучу грошай, а зараз у свеце крызіс», — лічыць Валянцін Гануш.

Па яго словах, у 1986 годзе, калі людзі выязджалі з Брагіна і раёна, яны атрымалівалі кампенсацыю за жыллё, за садовыя пасадкі. «Сёння ўсе выплаты спыніліся, бо грошай у дзяржавы няма», — канстатаваў Валянцін Гануш. Апроч таго, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама выказаў меркаванне, што тэрмінова высяляць людзей пасля выбуху трэба было не з 30 кіламетровай зоны, але ў радыюсе 100 кіламетраў. Сёння ў самім Брагіне ўзровень радыяцыі складае ад 40 да 70 мікрарэнтген за гадзіну, а ў выселеных мясцовасцях і цяпер радыяцыя сягае да 1 рэнтгена за гадзіну. «А калі мы замералі ўзровень радыяцыі праз тры дні пасля выбуху, 29 красавіка 1986 года, то радыяцыя была 180 мілірэнтген за гадзіну – у тысячу раз большая за норму», — сказаў спадар Гануш.

Журналісты ўзгадалі пра праграму Нацыянальнага банка Беларусі па эканамічнаму пад’ёму Брагінскага раёна. Што здарылася з гэтай праграмай?

«Пакуль банк нічога не даў. Нават Сусветны банк даваў грошы на газіфікацыю раёна, гэта было яшчэ два гады назад. Праводзіліся абследаванні жылых дамоў у населеных пунктах Мікулічы і іншых, людзі ўжо былі задаволены, а ў выніку ніхто нічога не даў. Нават калі грошы і паступяць ад Сусветнага банка ці іншага, сюды яны ніколі не прыйдуць. Напрыклад, калі шматдзетная сям’я будуе дом. Нехта думае, што галава сям»і пакладзе гэтыя грошы ў кішэню. Не, гаспадар гэтых грошай не ўбачыць. Ён толькі падпісвае акт аб прыёмцы выкананых работ, банк праплочвае, і на гэтым усё – гаспадар нават не бачыць гэтых грошай. Так робяць і ўсе нашы астатнія банкі. Так, была прыгожая праграма, але яна не дайшла да канца. Тым больш, калі сёння паўсюль крызіс«, — рэзюмаваў Валянцін Гануш.

У бліжэйшы час на сайце “Euramost.org” чытайце матэр’ялы пра прымусовае высяленне жыхароў занядбаных вёсак у Гомельскай вобласці, пра іншыя з’явы, характэрныя для сённяшняй чарнобыльскай зоны.

Генадзь ЛОГІНАЎ