Рызыкі і перспектывы беларускай АЭС
Поўнач Астравецкага раёна. Тут, недалёка ад нацыянальнага парку «Нарачанскі» — самага папулярнага месца адпачынку ў Беларусі — знаходзіцца пляцоўка, на якой заяўлена будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Поўнач Астравецкага раёна. Тут, недалёка ад нацыянальнага парку «Нарачанскі» — самага папулярнага месца адпачынку ў Беларусі — знаходзіцца пляцоўка, на якой заяўлена будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
«Беларуская АЭС: рызыкі і перспектывы». Так гучала тэма круглага стала, зладжанага Беларускай асацыяцыяй журналістаў у Мінску ў пятніцу, 19 чэрвеня, у рамках кампаніі «Журналісты за экалагічны дабрабыт».
Першы блок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, другі — ў 2018. Пры гэтым, па словах вядучага навуковага супрацоўніка Аб'яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юліяны Крук, нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць узровень бяспекі, папросту няма.
Пра няўдалы выбар пляцоўкі для будаўніцтва АЭС сказана шмат, але пры ўсіх неспрыяльных экалагічных фактарах — ад размяшчэння будучай станцыі ў цэнтры курортнай зоны да сейсмічнай небяспечнасці раёна — знаходзяцца ў беларускіх навукоўцаў аргументы на карысць будаўніцтва — да прыкладу, эканамічныя. Якія пры больш пільным разглядзе таксама губляюць сваю асэнсаванасць.
Леанід Падалка, доктар эканамічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык сектара паліўна-энергетычных праблем, прывёў дзве прычыны неабходнасці будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі, застаючыся, зрэшты, на асцярожнай нейтральнай пазіцыі адносна дзяржаўных планаў наконт АЭC:
— Першая прычына будаўніцтва — забеспячэнне пакрыцця росту электрычнай нагрузкі ў беларускай энэргасістэме. Другая прычына — замяшчэнне дарагога прыроднага газу, які спальваецца цяпер на ЦЭС, больш танным ядзерным палівам.
Доктар эканамічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Падалка на круглым стале «Беларуская АЭС: рызыкі і перспектывы», які 19 чэрвеня зладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў у Мінску, прывёў дзве прычыны неабходнасці будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.
Першая прычына — забеспячэнне пакрыцця росту электрычнай нагрузкі ў беларускай энэргасістэме.
Ці ёсць неабходнасць узводзіць АЭС такой вялікай магутнасці?
Паводле разлікаў Інстытута ядзернай энэргетыкі, да 2020 года электрычная нагрузка ў Беларусі ўзрасце на 2000 МВт — якраз на велічыню, роўную магутнасці будучай АЭС. У цяперашні ж час максімальная электрычная нагрузка складае 6200 МВт. Устаноўленая магутнасць беларускай энэргасістэмы складае 8000 МВт, а да канца 2010 года ўстаноўленая магутнасць усіх электрастанцый Беларусі складзе каля 9000 МВт. Атрымоўваем 3000 МВт — вялізны рэзерв магутнасці. Калі сыходзіць з таго, што прагноз узрастання нагрузкі да 2010 года правільны, то ў 2020 годзе нам спатрэбіцца 8000 МВт, а ўстаноўленая магутнасць складзе 9000 МВт. Значыць, рэзерв у 1000 МВт усё адно ёсць. Прычым, каб пакрыць рост нагрузкі, магутнасць цеплавых электрастанцый (ЦЭС) будзе нарошчвацца на аснове абнаўлення і мадэрнізацыі дзейснага паратурбіннага абсталявання.
Гэта значыць, што няма неабходнасці ўводзіць АЭС такой вялікай магутнасці. Калі ж яна будзе ўведзеная, давядзецца разгружаць або спыняць ЦЭС.
Другая прычына, выказаная Леанідам Падалкам — замяшчэнне дарагога прыроднага газу, які спальваецца цяпер на ЦЭС, больш танным ядзерным палівам.
Калі казаць пра суадносіны паміж коштам прыроднага газу і ядзернага паліва, то ў другім паўгоддзі мы павінны плаціць Расіі за 1000 кубаметраў прыроднага газу каля 210 долараў — прыкладна па 180 долараў на тону ўмоўнага паліва. У перспектыве кошт можа падняцца да 250-300 долараў. Яшчэ нядаўна кошт ядзернага паліва быў амаль у 10 разоў ніжэй за кошт прыроднага газу. А ўдзельная вага кошту ўрану ў кошце ядзернага паліва па розных адзнаках складае 20-40%. З улікам абмежаванага запасу ўрану, кошт яго будзе расці, таму суадноснасць паміж коштамі прыроднага газу і ядзернага паліва пасля 2020 года можа значна змяніцца не на карысць атамнай энэргетыкі.
Нявысветленымі застаюцца пытанні інвеставання. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў 10 млрд. долараў. У нас няма ўласнай машынабудаўнічай базы. І рэактар, і турбіну, і генератар, і трансфарматары, і выключальнікі — усё прыйдзецца набываць за валюту. Рухавікі, якія пачалі выпускаць на Магілёўскім заводзе — мізэрная частка таго, што патрэбна, бо буйное абсталяванне мы не можам вырабляць.
У першым паўгоддзі спажыванне электраэнэргіі ў параўнанні з мінулым годам панізілася на 15%. Калі тэндэнцыя будзе захаваная — ці трэба ўвогуле ўводзіць новую магутнасць? Можа, ёсць сэнс абмежавацца абнаўленнем, мадэрнізацыяй дзейснага абсталявання?
Аптымальны варыянт — удзел Беларусі ў будоўлі АЭС на тэрыторыі Літвы. Мы маглі б стаць адным з акцыянераў і былі б гаспадарамі энергаблока ў 1000 МВт. Уклалі б не 10 млрд. долараў, а 1,5.
«Не павінна нават размоваў весціся пра будаўніцтва АЭС»
Георг Лепін, доктар тэхнічных навук, дзейны сябра (акадэмік) Міжнароднай акадэміі экалогіі:
— Прыведзеныя дадзеныя кажуць, што атамная энэргетыка недапушчальная для Беларусі. І раптам робіцца вынік: усё добра, будаваць трэба. Пры ўсім гэтым не павінна нават размоваў весціся пра будаўніцтва АЭС.
У той жа Літве пачалі схіляцца да таго, каб атрымліваць энэргію ў Швецыі ці Нарвегіі — гэта выгадней і бяспечней. Мне падаецца, што на такім рашэнні яны і спыняцца.
Дзе ж так актыўна будуюцца атамныя электрастанцыі? Іран, Паўночная Карэя — ім патрэбна ядзернае паліва, каб вырабіць атамную бомбу. А нам навошта?
Калі крыху прывесці ў парадак нашы цеплавыя станцыі, то мы гадоў на 30 уперад забяспечым сябе за кошт прыросту вытворчасці электраэнэргіі. Мадэрнізацыя адной станцыі — пераход на парагазавыя тэхналогіі — адразу прыводзіць да павелічэння магутнасці працэнтаў на 40 і на столькі ж — да паніжэння сабекошту. Вось — надзейны шлях.
Мы чамусьці думаем пра тое, дзе лепш будаваць, нібыта пытанне будаўніцтва ўжо вырашанае. Гэта зусім не той падыход. Папросту АЭС у нас будавацца не павінна — трэба зыходзіць з гэтага. І я ўпэўнены, што яна будавацца не будзе, таму што, зыходзячы з шэрагу фактараў, гэта немагчыма, недапушчальна. Чаго мы чапляемся за тое, што рэзка даражэе? Пабудуем АЭС і высветліцца: кошт паліва стаў такім, што яе проста няма сэнсу запускаць — так можа атрымацца.
Тым больш, экалагічны аспект. Адна з нямецкіх газет разглядала праблему ўплыву атамнай станцыі на навакольную тэрыторыю. Парламент Германіі прызначыў групу навукоўцаў для абследавання захворванняў дзяцей, якія жывуць каля АЭС. Яны праверылі 16 рэгіёнаў і вялі даследаванне каля 20 год. Высветлілася, што колькасць захворванняў дзяцей на рак крыві ў раёне станцыі большая ў 2,5 раза. І гэта без усялякіх аварый.
Рака Вілія знаходзіцца ў шасці кіламетрах ад астравецкай пляцоўкі. Біёлагі даследавалі раку і высветлілі, што ва ўсе яе прытокі заходзіць на нераст рыба з Атлантычнага акіяну — настолькі чыстая там вада. Пасля ўводу ў строй станцыі гэтага не будзе.
АЭС наносяць шкоду незалежна ад аварый. І калі мы чуем, што з'явяцца надзейныя АЭС, мы забываемся, што там будуць працаваць людзі. На ЧАЭС працавалі людзі з дыпломамі, з вялікім досведам. І не рэактар, па сутнасці, узарваўся — яго узарвалі людзі.
Нават у такой краіне, як Францыя, да 80% усіх эксцэсаў на атамных станцыях звязаныя з чалавечым фактарам. А мы збіраемся пасадзіць на сваю вельмі «бяспечную» станцыю недавучаных спецыялістаў і цудоўным чынам яе ўзарвем. Гэтак жа, як узарвалі чарнобыльскі рэактар.
«У Беларусі могуць мець месца ўсе віды альтэрнатыўных крыніц энэргіі»
Яўген Шырокаў, кандыдат тэхнічных навук, старшыня праўлення Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі экалогіі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі экалогіі таксама лічыць, што танная атамная электрычнасць — гэта міф:
— У свеце няма ніводнай прыватнай АЭС. Пра што гэта кажа? Пра тое, што ўсе АЭС датуюцца дзяржавай. Нават ў Францыі атамная энергетыка датуецца, але гэта хаваецца, як хаваецца і датаванне сельскай гаспадаркі. Ці зможам мы пацягнуць датаванне АЭС?
У Беларусі могуць мець месца ўсе віды альтэрнатыўных крыніц энэргіі. Сонца з красавіка па верасень можа даць гарачую ваду. Я жыву ў доме, на даху якога стаіць вятрак. Гэта значыць, што дом цалкам энэрганезалежны, я не маю камунальных плацяжоў. Але для Беларусі, я лічу, асноўны рэсурс — гэта біямаса. Яе у нас у 30-40 разоў больш, чым трэба. Гэта ўсё можна выкарыстоўваць як альтэрнатыўную крыніцу.
Эколаг і журналіст Валеры Дранчук лічыць, што мы недаацэньваем юрыдычны аспект:
— 10 гадоў таму Беларусь падпісала Орхускую канвенцыю, якая дае права грамадскасці на экалагічную інфармацыю, і на ўдзел у працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў. У рэальнасці гэта не выконваецца. Усё, што намі падпісана і ратыфікафана, павінна свята захоўвацца, таму што гэта вышэй за ўнутраныя законы. Я таксама веру, што АЭС мы сёння будаваць не будзем.
Святлана СТАНКЕВІЧ.