Чыноўнік адмовіў у інфармацыі журналістам недзяржаўнай "Газеты Слонімскай"
11 траўня начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя г. Слоніма і Слонімскага раёна Мікалай Дзегцяроў адмовіўся прадаставіць інфармацыю журналісту "Газеты Слонімскай" Вользе Шынкевіч. Карэспандэнтка хацела даведацца пра планы гэтага ведамства на бліжэйшы год, а таксама задаць пытанні, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя на Слонімшчыне.
М. Дзегцяроў заявіў, што ў яго ёсць газета, з якой ён будзе супрацоўнічаць, - - гэта дзяржаўная раёнка "Слонімскі веснік" (выданне райвыканкама). "Інфармацыю з нашай інспекцыі чытайце на старонках "Слонімскага весніка"!" - параіў Мікалай Дзегцяроў журналісту "ГС".
Рэдакцыя недзяржаўнага выдання накіравала афіцыйны запыт на атрыманне інфармацыі ад спадара Дзегцярова. Калі чыноўнік і надалей будзе ігнараваць пытанні журналістаў "ГС", газета плануе звярнуцца ў суд.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"