Ірыну Халіп папярэдзіла пракуратура


Пракуратура г. Мінска вынесла афіцыйнае папярэджанне вядомай беларускай журналістцы Ірыне Халіп за шэраг артыкулаў у расійскай "Новой газете", прысвечаных прэзідэнцкім выбарам у Беларусі і паслявыбарным пратэстам.

Пракуратура г. Мінска вынесла афіцыйнае папярэджанне вядомай беларускай журналістцы Ірыне Халіп за шэраг артыкулаў у расійскай "Новой газете", прысвечаных прэзідэнцкім выбарам у Беларусі і паслявыбарным пратэстам. 17 траўня журналістку выклікалі да следчага, каб уручыць ёй адпаведны дакумент. Пракуратура ўгледзела ў публікацыях парушэнне адразу двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" і "Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ" і папярэдзіла, што ў выпадку паўторнага парушэння журналістку прыцягнуць да "вызначанай законам адказнасці".

Папярэджанне падпісаў намеснік пракурора г. Мінска Н.М. Сяміжон, аднак уручыў яго журналістцы следчы Сяргей Жук. У пракуратуры І. Халіп паказалі цэлы стос яе публікацый у "Новой газете" за 2006 год, з якімі, мяркуючы па шматлікіх пазнаках маркерамі, карпатліва і мэтанакіравана працавалі. Следчы Жук прапанаваў ёй даць тлумачэнні па артыкулах, аднак журналістка заявіла, што "ўсё, што хацела, сказала ў сваіх публікацыях".
Як паведаміла прэс-службе БАЖ Ірына Халіп, яна не збіраецца абскарджваць папярэджання ў вышэйшых пракурорскіх структурах: "Шкада часу, ды і навошта? Такія папярэджанні я сёння ўспрымаю, хутчэй, як ордэн…", - зазначыла яна.

Парушэнне арт. 369 КК РБ ("Дыскрэдытацыя РБ") можа карацца арыштам на тэрмін да 6 месяцяў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў; парушэнне арт. 367 КК РБ ("Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ") - штрафам, папраўчымі работамі на тэрмін ад двух гадоў, пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі да 4 лет.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"