"Мы ж з вамі ведаем, для чаго завялі гэтую справу..."


У Цэнтральным РУУС журналістам адмовіліся паведаміць, ці ёсць падазраваныя ў справе аб збіцці 25 сакавіка аператара БТ Дзмітрыя Чумака.

У Цэнтральным РУУС журналістам адмовіліся паведаміць, ці ёсць падазраваныя ў справе аб збіцці 25 сакавіка аператара БТ Дзмітрыя Чумака. Пра гэта піша сёння сайт газеты "Салідарнасць" у матэрыяле "БТ против снежков и SMS". Супрацоўнікам рэдакцыі параілі не губляць часу, паколькі "ніхто з гэтай нагоды нічога не скажа". "Мы ж з вамі ведаем, якая гэта справа і для чаго яна была заведзеная", - патлумачыў супрацоўнік міліцыі, які папрасіў не называць яго імя ў матэрыяле.

Нагадаем, што 25 сакавіка (ў Дзень волі) афіцыйныя СМІ паведамілі пра тое, што ўдзельнікі вулічнай акцыі ў скверы Я. Купалы ў Мінску "збілі журналістаў Беларускага тэлебачання". Паводле "Інтэрфаксу", "група мітынгоўцаў напала на журналістаў, іх білі нагамі і закідвалі снегам. Снегам таксама закідвалі здымачнае абсталяванне". Намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка заявіў пра "шырокамаштабную кампанію цкавання журналістаў дзяржаўнай прэсы". З іншага боку, відавочцы гэтых падзеяў (у тым ліку сябры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў") сцвярджалі, што супрацоўнікам дзяржаўнага тэлебачання крычалі "Ганьба!" і "Паклёпнікі!", дакараючы тым, што яны робяць ілжывыя рэпартажы, а потым проста закідалі снежкамі.

Тым не менш, ужо 26 сакавіка ў РУУС Цэнтральнага раёна зарэгістравалі заяву тэлеаператара Першага нацыянальнага каналу (БТ) Дзмітрыя Чумака, на падставе якой аператыўна завялі крымінальную справу. Туды ж 27 сакавіка накіравалі заключэнне судмедэкспертызы аб цялесных пашкоджаннях, нанесеных Дзмітрыю Чумаку. Прадстаўнікам БАЖ так і не ўдалося даведацца, якія канкрэтна траўмы атрымаў сп. Чумак: рэгістратар Гарадскога ўпраўлення службы медыцынскіх судовых экспертыз адмовіўся даваць такую інфармацыю, сказаўшы, што "ён - асоба паднявольная", і "ніхто вам нічога не скажа". Сам Дзмітрый Чумак ад размоваў з прадстаўнікамі БАЖ адмовіўся.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"