Мінінфармацыі вынесла папярэджанне недзяржаўнай газеце "Химик"


Рэдакцыя недзяржаўнай газеты "Химик" (Наваполацк) атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі.

Рэдакцыя недзяржаўнай газеты "Химик" (Наваполацк) атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар выдання не згодны з выстаўленымі яго выданню абвінавачаннямі і збіраецца абскарджваць іх напрацягу месяца ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд РБ.

Папярэджанне падпісаў 12 траўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч. Выданне звінавачваюць у тым, што яно нібыта апублікавала шэраг рэкламных абвестак пра ліцэнзаваную дзейнасць без пацверджання рэкламадаўцам права на ажыццяўленне такой дзейнасці (арт. 30 Закона "Аб друку і іншых СМІ").
Галоўны рэдактар "Химика" Сяргей Балай заяўляе, што абвінавачанні Мінінфармацыі беспадстаўныя і што ва ўсіх згаданых публікацыях такое пацверджанне было. У гутарцы з прэс-служба БАЖ ён выказаў меркаванне, што ініцыятыва прымянення санкцыі да газеты зыходзіла ад мясцовых уладаў. "Ёсць інфармацыя, што аддзел ідэалогіі Наваполацкага гарвывканкама накіраваў ліст у Мінінфармацыі, паводле якога нам і вынеслі папярэджанне. Адметна, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў нават не паспрабавалі праверыць факты, на падставе якіх вынеслі прапярэджанне: да прыкладу, ніхто не прасіў нас выслаць згаданыя ў папярэджанні нумары газеты".

Сп. Балай прыгадаў, што роўна месяц таму яго выклікалі ў гарадскую пракуратуру ў сувязі са скаргамі, што паступілі з упраўлення ідэалогіі Наваполацкага гарвыканкама. У скаргах сцвярджалася, што газета нібыта неаднаразова парушала заканадаўства: змяняла перыядычнасць выхаду, публікавала тэлепраграму без заключэння дамоваў з агенцтвам БелТА і г.д.
"Пры дапамозе БАЖ мы тады падрыхтавалі адказ на ўсе гэтыя прэтэнзіі, і ў пракуратуры больш не засталося да нас пытанняў. Але, як бачым, выканаўчыя структуры пайшлі іншым шляхам. Відаць, мы камусьці з мясцовых чыноўнікаў "наступілі на мазоль" альбо проста надакучылі фактам свайго існавання", - лічыць С. Балай.

"Хімік" зазнаў праблемы з распаўсюдам гэтак жа, як і большасць іншых грамадска-палітычных выданняў. У снежні 2005 года "Віцебскаблсаюздрук" скасаваў дамову на раздробны продаж выдання, спаслаўшыся на эканамічную немэтазгоднасць. У лютым 2006 г. адмовілася ад супрацоўніцтва з газетай "Белпошта". Галоўны рэдактар заяўляе, што ў першым паўгоддзі г.г. газета здолела выканаць свае абавязкі перад чытачамі:выданне прадавалася з дапамогай індывідуальных прадпрымальнікаў, дастаўлялася тым, хто пералічыў грошы праз банкі і г.д.). Тым не менш, рэдакцыя не губляе надзеі аднавіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі "Белпошты" і "Саюздруку".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"