"Дом правоў чалавека". Ліст пратэсту супраць уціску на газету "Наша Ніва"
Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку
Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі
Факс: +375 17 2260610
Осла, 27 красавіка 2006 г.
Шаноўны пане,
Фундацыя "Дом правоў чалавека" асуджае рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта па адмове ўзгаднення юрыдычнага адрасу газеты "Наша ніва" ў сталіцы Беларусі - г. Мінску.
Зважаючы на тое, што Міністэрства інфармацыі патрабуе ўзгадненне юрыдычнага адрасу ад кожнай беларускай газеты, рашэнне Мінгарвыканкама азначае, што "Наша ніва" не зможа друкавацца легальна і, адпаведна, знаходзіцца на мяжы ліквідацыі. Мясцовыя ўлады матывавалі сваю адмову ва ўзгадненні юрыдычнага адрасу газеты тым, што яе галоўны рэдактар Андрэй Дынько быў пакараны 10 днямі адміністрацыйнага арышту падчас паслявыбарчых акцыяў грамадзянскага пратэсту. А. Дынько быў арыштаваны ў маршрутным аўтобусе па дарозе на Кастрычніцкую плошчу ў цэнтры г. Мінска, як быццам, за лаянку і пасля быў асуджаны за "дробнае хуліганства". Затрыманне А. Дынько і яго арышт былі здзейсненыя ўладамі паводле відавочных палітычных матываў. Супраць гэтых дзеянняў выказваліся шматлікія міжнародныя НДА.
Трэба заўважыць, што нападкі на газету "Наша ніва" распачаліся не 10 красавіка. Газета зазнавала працяглы прэсінг з боку ўладаў, асабліва ў апошнія некалькі месяцаў. Як вынік, "Наша ніва" была пазбаўленая магчымасці распаўсюду па падпісцы і праз дзяржаўную сетку газетных кіёскаў. З гэтых прычынаў выданне газеты сталася магчымым выключна дзякуючы прыватным ахвяраванням.
Незалежныя СМІ і журналісты знаходзяцца пад пастаянным уціскам з боку афіцыйных уладаў у Беларусі, і выпадак "Нашай нівы" - толькі адзін з прыкладаў гэтага ўціску. Хацелі б дадаць, што "Наша ніва" - адна з апошніх незалежных газетаў на беларускай мове, што з'яўляецца вынікам мэтанакіраваных дзеянняў з боку беларускіх уладаў па выштурхоўванні беларускай мовы са сферы грамадскага жыцця.
Фундацыя "Дом правоў чалавека" лічыць адмову ва ўзгадненні юрыдычнага адрасу газеты "Наша ніва" палітычна матываваным і патрабуе ад беларускіх уладаў адмяніць рашэнне Мінскага гарвыканкама. Паводле беларускага заканадаўства не дазваляецца адмаўляць газеце ва ўзгадненні юрыдычнага адрасу на падставе таго, што яе галоўны рэдактар быў зняволены.
Акрамя таго, Фундацыя "Дом правоў чалавека" патрабуе ад беларускіх уладаў аднавіць распаўсюд газеты "Наша ніва" па падпісцы і праз сетку газетных кіёскаў.
З павагай,
Марыя Дахле,
выканаўчы дырэктар
Фундацыі "Дом правоў чалавека"