Пракуратура г.Мінска не лічыць, што правы журналістаў былі парушаныя


Пракуратура г.Мінска не знайшла падставаў для прыняцця захадаў пракурорскага рэагавання, разгледзеўшы скаргу БАЖ* аб парушэнні правоў журналістаў, што апынуліся за кратамі ў канцы сакавіка.

Пракуратура г. Мінска не знайшла падставаў для прыняцця захадаў пракурорскага рэагавання, разгледзеўшы скаргу БАЖ аб парушэнні правоў журналістаў, што апынуліся за кратамі ў канцы сакавіка. Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымала арганізацыя ад старшага памочніка пракурора г. Мінска сп-ра Сямёнава ў канцы мінулага тыдня.

У пасланні сцвярджаецца, што ўсе затрыманыя 21-24 сакавіка былі змешчаныя ў спецпрымальнік на падставе пратаколаў аб адміністратыўным затрыманні; напрацягу сутак адміністрацыя паведаміла пра іх месцазнаходжанне блізкім; затрыманых забяспечвалі гарачым харчаваннем, спальным месцам; матэрыяльна-побытавыя ўмовы іх утрымання адпавядалі ўстаноўленым нормам; яны карысталіся ўласнай вопраткай па сезоне і мелі пры сабе прадметы асабістай гігіены і г.д.
Тэкст паслання амаль поўнасцю дублюе тэкст ліста, які БАЖ атрымаў на мінулым тыдні з ГУУС Мінгарвыканкама.
Нагадаем, што 24 сакавіка БАЖ накіраваў скаргу начальніку спецпрымальніка на Акрэсціна, начальніку ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама пракурору г. Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асобаў, вінаватых у парушэнні правоў затрыманых і арыштаваных журналістаў. БАЖ звяртаў увагу на шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў працэсе затрымання журналістаў і іншых грамадзян: змяшчэнне ў спецпрыёмнік без адпаведнай дакументацыі; адсутнасць своечасовай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне; парушэнне нормаў умоваў утрымання людзей; кепская праца сістэмы перадачы асабістых рэчаў і прадуктаў харчавання затрыманым.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"