Суд па справе А. Філімонава і яшчэ траіх падлеткаў працягнецца 11 красавіка
Слуханні па крымінальнай справе, адным з абвінавачаных па якой праходзіць Антон Філімонаў, працягнуцца ў Першамайскім раённым судзе 11 красавіка. Акрамя Антона, па гэтай справе абвінавачваюцца яшчэ трое падлеткаў: Андрэй Тамковіч, Дзмітрый Драздовіч і Алег Тарасенка. Ім інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае арт. 221 ч. 2 ККРБ (незаконны выраб, захаванне і распаўсюд падробленых грошай, здзейсненыя паўторна арганізаванай групай асобаў па папярэдняй дамоўленасці).
10 красавіка суд заслухаў абвінавачаных і сведкаў. З паказанняў вынікае, што Антон у перыяд з 22 па 24 снежня ў кватэры суседа адсканаваў 5- і 10-тысячныя купюры, якія пасля апрацаваў на кампутары і раздрукаваў дома на прынтэры на звычайнай паперы па 7 асобнікаў кожную. Пасля гэтага Антон з сябрамі выразалі купюры і, абмеркаваўшы паміж сабою “сапраўднасць” іх выгляду, вырашылі праверыць на бабулях, што гандлююць цыгарэтамі. 24 снежня яны набылі 10 пачкаў “Мальбара” і 2 пачкі “Кент”. Фальшывыя грошы пускалі ў ход яшчэ двойчы: 26 і 27 снежня. Пасля гэтага падлеткаў затрымалі.
Практычна ўсе абвінавачаныя (за выключэннем А. Тарасенкі) прызналі сваю віну часткова альбо цалкам. Усе пацярпелыя, у якіх падлеткі куплялі цыгарэты, сказалі ў судзе, што не маюць да іх прэтэнзій. Спецыяліст ”Абсалютбанка”, якога выклікалі ў суд для ацэнкі якасці падробленых купюр, сказаў, што “гэта не грошы, а паперкі”. Па яго ацэнцы, іх можна назваць грубай, кустарнай падробкай.
Разгляд справы працягнецца 11 красавіка ў 9.30.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"