Грузінскія журналісты, якія адбылі адміністратыўны арышт у Беларусі, ўзнагароджаныя ордэнам Гонару
Сёння прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўзнагародзіў ордэнам Гонару карэспандэнта грамадскага тэлебачання Грузіі Ніно Гіоргабіані і аператара Георгія Лагідзэ, - паведаміла інфармацыйнае агенцтва "Новости-Грузия" са спасылкай на службу па сувязях з грамадскасцю адміністрацыі прэзідэнта Грузіі. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў будынку Дзяржаўнай канцылярыі Грузіі.
"Грузінскія журналісты праявілі адданасць дэмакратыі, і ўлады Беларусі, не пажадаўшы выслухоўваць пра сябе праўду, засадзілі за краты журналістаў", - сказаў на цырымоніі грузінскі прэзідэнт.
Журналістаў затрымалі 25 сакавіка, калі яны бралі інтэрв'ю ў людзей, што сабраліся каля спецпрымальніка на Акрэсціна. Іх звінавацілі ў хуліганстве і асудзілі: Ніно Гіоргабіані - на 5 сутак арышту, а Георгія Лагідзэ - на 15 сутак. Апошняга адпусцілі на волю 8 красавіка каля 11-й гадзіны раніцы. Яго сустрэў консул Грузіі ва Украіне Зураб Квачадзэ, які спецыяльна прыехаў для гэтага ў Мінск. Грузінскага журналіста адразу ж павезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе ўручылі дакументы аб дэпартацыі з Беларусі.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"