Узбудзілі крымінальную справу супраць "нявысветленай асобы", якая збіла Алега Улевіча


Маскоўскі РУУС г Мінска ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да "нявысветленай асобы", што 2 сакавіка нанесла цялесныя пашкоджанні журналісту "Комсомольской правды в Белоруссии" Алегу Улевічу.

Маскоўскі РУУС г Мінска ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да "нявысветленай асобы", што 2 сакавіка нанесла цялесныя пашкоджанні журналісту "Комсомольской правды в Белоруссии" Алегу Улевічу. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце, які БАЖ атрымаў ад кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёра міліцыі А.Куляшова.

У пасланні, якое арганізацыя атрымала ў канцы мінулага тыдня, гаворыцца, што па даручэнні Міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава ГУУС Мінгарвыканкама правяло праверку па звароце БАЖ, і 31 сакавіка Маскоўскі РУУС узбудзіў крымінальную справу па ч.1 арт. 149 КК РБ. Цялесныя пашкоджанні, нанесеныя А. Улевічу, кваліфікаваныя як "менш цяжкія" ("по длительности расстройства здоровья"). Кіраўнік ГУУС А. Куляшоў абяцае паінфармаваць БАЖ дадаткова, калі будзе высветленная асоба, што здзейсніла супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да А. Улевіча.
7 сакавіка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала афіцыйныя звароты на імя Генеральнага пракурора РБ Пятра Міклашэвіча і міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава з просьбай прыцягнуць да адказнасці асобаў, што 2 сакавіка збівалі журналістаў і перашкаджалі іх прафесійнай дзейнасці.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"