Пачаўся суд па справе А. Філімонава
10 красавіка ў 11.00 суд Першамайскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да некалькіх падлеткаў, адзін з якіх - Антон Філімонаў, сын журналісткі Веранікі Чаркасавай, забітай у 2004 годзе. На слуханні прыйшлі блізкія і сябры Антона, калегі яго маці, праваабаронцы, прадстаўнікі офісу АБСЕ. Аднак у залю суда ўдалося патрапіць далёка не ўсім, хто прыйшоў на слуханні: спаслаўшыся на малыя памеры памяшкання, ахова не пусціла ў суд некаторых журналістаў і нават блізкіх абвінавачаных.
А. Філімонава затрымалі 27 снежня супрацоўнікі Першамайскага РУУС па падазрэнні ў вырабе беларускіх грашовых купюраў. У яго і яшчэ некалькіх яго знаёмых знайшлі некалькі купюраў па 5 і па 10 тысяч беларускіх рублёў, і ў дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 221 ч. 1 КК РБ. Падлеткі правялі некалькі сутак у следчым ізалятары часовага ўтрымання, аднак 30 снежня ўсіх, акрамя Антона, адпусцілі. Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай была прымененая толькі да Філімонава. Нягледзячы на шматлікія звароты блізкіх падлетка і калегаў яго маці ў следчыя органы і суды, доўгі час меру стрымання Антону адмаўляліся змяніць. Толькі 13 сакавіка яго пагадзіліся выпусціць да суда пад заклад.
Праз некалькі дзён стала вядома, што справа была перакваліфікаваная: калі раней Антона звінавачвалі ў парушэнні часткі 1 арт. 221 КК РБ, якая прадугледжвала пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі, то 9 сакавіка следчы падпісаў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па частцы 2 таго ж артыкулу, якая прадугледжвае пакаранне ад 5 да 15 гадоў зняволення.
"Першая частка 221 артыкулу "перарасла" у частку 2 па прыкмеце "паўторнасці". Не ведаю, як будзе разглядаць гэта суд, але юрысты, адвакаты лічаць, што паўторнасці тут няма, і я ім давяраю як спецыялістам, - заявіў прэс-службе БАЖ Уладзімір Мялешка - дзядуля і апякун Антона. "Хочацца спадзявацца, што суд падыдзе да справы аб'ектыўна і непрадузята і не будзе караць падлеткаў занадта жорстка, а дасць ім магчымасць выправіцца..."
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"