Дзеці нянавісці


Падзеі апошніх месяцаў у Беларусі выклікаюць у памяці вядомую сэрыю карыкатурных малюнкаў. На першым з іх малпа сядзіць, прыкрыўшы рукамі вочы, на другім яна затыкае сабе вушы, на трэцім - сама сабе заціскае рот.

Асабістае меркаванне

Падзеі апошніх месяцаў у Беларусі выклікаюць у памяці вядомую сэрыю карыкатурных малюнкаў. На першым з іх малпа сядзіць, прыкрыўшы рукамі вочы, на другім яна затыкае сабе вушы, на трэцім - сама сабе заціскае рот. Паводзіны афіцыйных беларускіх СМІ нагадваюць паводзіны гэтай малпы. Праўда, з адным выключэньнем - рот у яе не зачыняецца ні на хвіліну.

На ўсе выпадкі ва ўладаў і падпарадкаванай ёй прэсы ёсьць гатовыя адказы. Крытыкуюць урады замежных дзяржаваў і міжнародныя арганізацыі адсутнасьць дэмакратыі і законнасці ў Беларусі - значыць, умешваюцца ў яе ўнутраныя справы. Калі крытыка зыходзіць ад Еўрапарламенту - значыць, гэтая арганізацыя займаецца не сваёй справай, бо яе прадстаўнікоў, маўляў, ніхто не запрашаў назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі і даваць ім ацэнку. Еўрапейскія краіны абмяжоўваюць уезд беларускіх чыноўнікаў, якія спрычыніліся да парушэньняў выбарчага заканадаўства і рэпрэсій - трэба назваць меркаваныя санкцыі бязглуздымі ды смеху вартымі. Калі парламент суседняй краіны прымае рэзалюцыю аб непрызнанні выбараў, заклікае ўлады спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітычных вязняў - значыць, трэба гэтую краіну абвінаваціць у арганізацыі "беспарадкаў" з мэтай гвалтоўнага захопу ўлады беларускай апазіцыяй.

Але калі суседняя краіна пераходзіць ад словаў да канкрэтных справаў, то ўладныя медыі ад нечаканасьці ў першы момант губляюць дар маўленьня. А калі зноў пачынаюць гаварыць, дык трапляюць у яшчэ больш няёмкуую для сябе сітуацыю. Так здарылася, напрыклад, з забаронай трансляцыі беларускага спадарожнікавага каналу "Беларусь-ТВ" ў Літве. Калі выявілася, што ня толькі беларуская дзяржава можа нешта забараняць, абмяжоўваць, пазбаўляць ліцэнзіі, ва ўладных структурах Беларусі пачалася сапраўдная істэрыка. Міністры ды іншыя адказныя чыноўнікі наперабой загаварылі пра свабоду інфармацыі, права на яе распаўсюджванне, права на свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці і аб тым, што літоўскія ўлады, нібыта, груба парушаюць гэтыя святыя для беларускіх уладаў прынцыпы.

Можна па-рознаму ставіцца да рашэння літоўскай Камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб забароне паказу "Беларусь-ТВ". Магчыма, Літоўскай асацыяцыі кабельнага тэлебачання перадачы беларускага тэлебачання сапраўды падаваліся бяскрыўднымі і нават смешнымі, а забарона на іх паказ - няправільным крокам. Але самую слушную ацэнку прадукцыі гэтага тэлебачання даў ягоны кіраўнік. У інтэрвью праграме "Панарама" ён заявіў, што эфектыўнасць прапаганды ацэньваецца па яе выніках. Паколькі літіоўскія ўлады спалохаліся яе - значыць, эфектыўнасць гэтай прапаганды высокая, пахваліўся чыноўнік.

Што ж, нарэшце з'ява была названая сваім імем. Не інфармацыя, не аналітыка, нават не публіцыстыка прапаноўвалася і прапануецца гледачам на тэрыторыі Літвы, Расіі ды іншых замежных краін, але толькі голая прапаганда.

Варта нагадаць, што прапаганда ў якасці сучаснага інструманту ўздзеяння на грамадскую думку была ўпершыню выкарыстаная падчас першай сусветнай вайны брытанскім міністэрствам інфармацыі. Вось што піша на гэтую тэму гісторык Ніл Брук у сваёй кнізе "Канфлікты ХХ-га стагодзьдзя", выдадзенай у 1993-м годзе ў Лондане. " Адным з наступстваў прапаганды стала немагчымасць кампрамісу па ўсталяванні міру (у Еўропе - В.Т.) Яна малявала мэты саюзнікаў як несумненна справядлівыя, а мэты праціўніка як увасабленне зла. У падобнай атмасферы разумнае абмеркаванне праблем рабілася вельмі цяжкім, а ўзважанасць гучала амаль як здрада". Ну, чым не характарыстыка сучасных метадаў прапаганды, якія выкарыстоўваюць беларускія афіцыйныя СМІ!

Аднак, калі на пачатку мінулага стагоддзя прапаганда ўжывлася з мэтай падрыву маральнага духу замежнага праціўніка, дык пазней, у нацысцкай Германіі і ў Савецкім Саюзе яна паспяхова выкарыстоўвалася ў вайне уладаў з уласным народам. Дастаткова ўспомніць паняцце "вораг народу", народжанае сталінскай прапагандай. Менавіта гэтыя метады, не хаваючыся, выкарыстоўваюць і творча развіваюць беларускія тэле і радыёканалы на пачатку ХХ1-га стагоддзя.

Не выпадкова ў перадачах беларускага тэлебачання часта можна бачыць аператыўныя здымкі спеслужб - гэтак сама, як спецслужбы карыстаюцца здымкамі супрацоўнікаў тэлебачання, зробленымі падчас масавых акцый пратэсту. Ужо сам гэты факт ня толькі зьнішчае мяжу паміж дзяржаўнымі СМІ і спецслужбамі, але ж ператварае сродкі масавай інфармацыі ў нешта процілеглае. Яны выдатна выконваюць сваю задачу - падаць праціўніка як увасабленне зла. Нянавісць пераважнай часткі беларускага грамадства ў адносінах да апазіцыі, а таксама краін Захаду дасягнула за апошнія месяцы нечувана высокага градусу. Хутка, напэўна, мы зможам пачуць і ўбачыць з тэлеэкранаў лозунгі накшталт: "Разаб'ем сабачыя галовы!"

Пры гэтым прапагандысты не ўлічваюць, што для многіх людзей "ворагі" - гэта іхныя дзеці, бацькі, браты й сёстры, сябры. Калі падаграваць далей падобныя настроі ў грамадстве, нацкоўваць яго на апазіцыю - сапраўдную і ўяўную, на "шпіёнаў" і "здраднікаў", то можна пасеяць такое насенне, з якога вырастаюць звычайна татальная нянавісць, нецярпімасць і грамадзянскія войны. Назву гэтаму злачынству трэба шукаць, аднак, не ў грамадзянскім і нават не ў крымінальным кодэксах, а ў міжнародным праве. Размова ідзе аб злачынствах супраць чалавечнасці, якія ня маюць тэрмінаў даўніны.

Пакуль гэта выглядае досыць далёкай і ўмоўнай пэрспэктывай. Але ўжо сёньня ў рэальным жыцці супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў пачынаюць біць на вуліцах. Іх "віна" палягае толькі на тым, што яны працуюць на гэтых каналах. Падобныя дзеянні, канечне, вартыя асуджэння. Тым больш, што і на тэлебачанні працуюць розныя людзі, у тым ліку - не пазбаўленыя сумлення. Але ж ім усім трэба аднойчы задумацца і ўсвядоміць, што такім чынам да іх вяртаецца нянавісць, якая штодня ліецца шырокім патокам з беларускіх тэлеэкранаў.

Віталь Тарас, для www.baj.by