Рашэнне па зыску А. Лябедзькі да БТ агучаць у панядзелак
Суд Першамайскага раёна абвесціць рашэнне па зыску А. Лябедзькі да Белтэлерадыёкампаніі і аўтараў фільма "Теория заговора. Управляемый хаос" 10 красавіка ў 10.00. Гэткай абвесткай скончыліся слуханні 7 красавіка, на якія па хадайніцтве сп-ра Лябедзькі быў выкліканы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі.
А. Зімоўскі пацвердзіў, што з'яўляецца аўтарам згаданага фільма, аднак заявіў, што не прызнае зыскавых патрабаванняў А. Лябедзькі. Ён лічыць, што распаўсюджаныя звесткі не з'яўляюцца зневажальнымі для лідэра АГП, паколькі "не звязаныя ні з А. Лябедзькам, ні з яго дзейнасцю". На просьбу паведаміць суду, адкуль у распараджэнне БТ трапіла выкарыстаная ў фільме відэастужка, сп. Зімоўскі заявіў, што яе прадаставіў невядомы яму дагэтуль грамадзянін "на ўмовах ананімнасці".
У судзе быў таксама прадэманстраваны фрагмент зыходнага відэаматэрыялу, які быў выкарыстаны ў фільме і стаўся прадметам спрэчкі. У ім А. Лябедзька размаўляе за сталом з двума людзьмі (як патлумачыў палітык у судзе - з грузінскімі парламентарамі). Размова вядзецца па-руску, аднак фрагмент "зыходніка" суправаджаўся закадравым тэкстам на англійскай мове. 7 красавіка супрацоўнікі БТ прадаставілі па просьбе суда пераклад гэтага тэксту.
А. Лябедзька звярнуў увагу суддзі на тое, што гэты тэкст не супадае з тым, што пачулі гледачы фільма з вуснаў дыктара ў фільме "Теория заговора…". На пытанне, чаму аўтары не далі героям фільма самастойна агучыць свае думкі, сп. Зімоўскі заявіў, што гутарку па-руску немагчыма было "выцягнуць" тэхнічна, і таму журналісты самастойна выклалі яе змест, "прычым стараліся рабіць гэта нейтральна".
Прадстаўнікі БТ ў судзе даводзілі, што агучаны дыктарам тэкст не размеркаваны па ролях і што аўтары фільма не "ўкладалі яго ў вусны" А. Лябедзькі. Між тым, у сцэнары фільма, які Белтэлерадыёкампанія прадставіла суду, дыктарскі тэкст размеркаваны менавіта па ролях. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу А. Лябедзька.
"Сітуацыя настолькі простая, наколькі і абсурдная", - зазначыў ён у судзе. "На тэлебачанні паказваюць сюжэт, дзе Лябедзька кажа, да прыкладу, што 1+1=3. Прычым, ён не сам гэта гаворыць: у яго адкрываецца рот, а голас за кадрам кажа: "1+1=3". Я, рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права, звяртаюся ў суд, каб прызнаць гэта паклёпам. У адваротным выпадку я прашу адказчыка прадаставіць доказы, што я гэта сказаў". Па меркаванні А. Лябедзькі, Белтэлерадыёкампанія не прадставіла ніякіх доказаў таго, што распаўсюджаныя імі звесткі адпавядаюць рэчаіснасці.
Нагадаем, што А. Лябедзька лічыць паклёпніцкімі і зневажальнымі для сябе фразы: "Теперь уже белорусские оппозиционеры подобострастно выслушивают инструкции разжиревших на революции кавказских парней"; "Камера фиксирует его встречу с Анатолием Лебедько, который тоже хочет попробовать вывести на улицу обезумевшую толпу", а таксама агучаную дыктарам заяву пра тое, што апазіцыя "не спыніцца перад тысячамі ахвяраў".
У якасці кампенсацыі сваіх маральных стратаў лідэр АГП патрабуе спагнаць з Белтэлерадыёкампаніі і аўтараў фільма "Теория заговора" 1 млрд. рублёў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"