Разгляд зыску А. Лябедзькі да БТ працягнецца 7 красавіка


Разгляд зыску лідэра АГП Анатоля Лябедзькі да Белтэлерадыёкампаніі і аўтараў фільма "Теория заговора. Управляемый хаос" працягнецца 7 красавіка ў 14.00, - паведаміла агенцтва "Інтэрфакс".

Разгляд зыску лідэра АГП Анатоля Лябедзькі да Белтэлерадыёкампаніі і аўтараў фільма "Теория заговора. Управляемый хаос" працягнецца 7 красавіка ў 14.00, - паведаміла агенцтва "Інтэрфакс". Суд Першамайскага раёна задаволіў хадайніцтва зыскоўца і абвесціў перапынак у слуханнях, каб выклікаць у суд старшыню Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Акрамя гэтага, суд даручыў прадстаўнікам адказчыка прадаставіць суду інфармацыю аб крыніцы атрымання відэастужкі, выкарыстанай у фільме.

А. Лябедзька лічыць паклёпніцкімі і зневажальнымі для сябе фразы: "Теперь уже белорусские оппозиционеры подобострастно выслушивают инструкции разжиревших на революции кавказских парней"; "Камера фиксирует его встречу с Анатолием Лебедько, который тоже хочет попробовать вывести на улицу обезумевшую толпу", а таксама агучаную дыктарам заяву пра тое, што апазіцыя "не спыніцца перад тысячамі ахвяраў".

"Я ніколі не казаў, што хачу вывесці на вуліцу звар'яцелы натоўп і не спынюся перад тысячамі ахвяраў", - заявіў Лябедзька пад час судовых слуханняў, якія распачаліся 6 красавіка. Ён запатрабаваў гэта даказаць, прад'явіўшы яго голас, які вымаўляе гэтыя словы, - паведаміў "Інтэрфакс". "Усе мае сустрэчы праходзілі адкрыта, перад аб'ектывамі тэлекамер і шырока асвятляліся СМІ", - заявіў палітык у судзе.

У сваю чаргу, прадстаўніца Белтэлерадыёкампаніі Людміла Раманава заявіла, што не прызнае прэтэнзій А.Лябедзькі. "Ёсць звесткі, што А. Лябедзька быў прыцягнуты да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях, і фразу "хочет вывести обезумевшую толпу" можна аднесці да гэтай падзеі", - сказала яна. Л.Раманава таксама заявіла, што ў фільме фраза "мы не остановимся перед тысячами жертв", вымаўленая дыктарам, не абавязкова належыць Анатолю Лябедзьку, бо, маўляў, камера ў гэты момант паказвала траіх чалавек, - перадаў "Інтэрфакс".

Нагадаем, што ў якасці кампенсацыі сваіх маральных стратаў лідэр АГП патрабуе спагнаць з Белтэлерадыёкампаніі і аўтараў фільма "Теория заговора" 1 млрд. рублёў.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"