А. Пісальнік: "На нейкі час нас можна ізаляваць. Але гэта не абазначае, што мы перастанем рабіць тое, што лічым слушным..."
Акрамя Івана Романа, на волю выйшлі ўжо ўсе гродзенскія журналісты, затрыманыя перад выбарамі і ў дні прымеркаваных да выбараў акцый. Між тым, некаторыя з іх вымушаныя былі пасля гэтага пакінуць межы Беларусі, каб схавацца ад пераследу.
Пасля выхаду з-за кратаў вымушаны быў з'ехаць ва Украіну Андрэй Шантаровіч - галоўны рэдактар "Местной газеты" (Ваўкавыск, Гродзенская вобласць). Ён звязаўся з прэс-службай БАЖ з-за мяжы і расказаў, што праваахоўныя органы ў Ваўкавыску працягвалі шукаць нагодаў, каб зноў яго затрымаць. Ён распавёў, што напрацягу трох сутак, якія ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання Ваўкавысскага РУУС нібыта за хуліганства - з 18 да 21 сакавіка - яго ўвесь час запалохвалі расправай. Акрамя гэтага, у журналіста пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем: яму некалькі разоў выклікалі "хуткую" і нават тры разы адвозілі ў ваўкавыскае тэрытарыяльнае медыцынскае аддзяленне (ТМА), аднак у шпіталізацыі кожны раз адмаўлялі. Па словах А. Шантаровіча, пасля яго выхаду на волю за кватэрай пачалі сачыць. З вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося незаўважна выбрацца з дома і выехаць за мяжу.
Іван Роман - пазаштатны карэспандэнт "Салідарнасці" - павінен выйсці з-за кратаў 4 сакавіка ў каля 11.00. 23 сакавіка яго асудзілі на 13 сутак адміністратыўнага арышту "за хуліганства". Гэта было паўторнае пакаранне журналіста па гэтым звінавачанні: у першы раз журналіста аштрафавалі на 2 базавыя велічыні нібыта за нецэнзурную лаянку.
Анджэй Пісальнік - галоўны рэдактар газеты "Glos znad Niemna na uchodzstwie" - выйшаў на волю 1 красавіка. Ён адбыў за кратамі 12 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі (якой насамрэч не адбылося). Журналіста затрымалі 20 сакавіка - у той жа дзень, калі ён выйшаў на волю пасля 5-і сутак арышту па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.
Некалькімі днямі раней выйшлі з-за кратаў Ігар Банцар (карэспандэнт газеты "Glos znad Niemna na uchodzstwie") і Аляксей Радс (адміністратар сайту forum.grodno.net), якія таксама адбывалі пакаранне за дробнае хуліганства: абодва прабылі за кратамі па 10 сутак.
"На нейкі час, натуральна, нас можна ізаляваць. Але гэта не абазначае, што мы перастанем рабіць тое, што мы лічым слушным", - так пракаментаваў апошнія падзеі прэс-службе БАЖ Анджэй Пісальнік.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"