Выйшаў на волю журналіст Эдуард Брокараў
Учора са спецпрыёмніка на Акрэсціна пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю і вярнуўся ў г. Горкі (Магілёўская вобласць) журналіст Эдуард Брокараў - карэспандэнт сайту Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый, выдавец і рэдактар незарэгістраванай газеты "Горацкі выбар", а таксама і супрацоўнік Горацкай недзяржаўнай газеты "Региональные ведомости". Ён з'явіўся на Кастрычніцкай плошчы раніцай 23 сакавіка, каб маральна падтрымаць жыхароў намётавага лагеру і пачытаць ім свае вершы. А ўжо ў ноч на 24-е (паводле міліцэйскага пратаколу - у 3.15) ён разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту быў затрыманы байцамі АМАПу. У той жа дзень суд Маскоўскага асудзіў Э. Брокарава на 10 сутак "за дробнае хуліганства".
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"