Консул Грузіі: "Гэта - маразм!"
Сёння Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі, які пакараў 15-ю суткамі адміністратыўнага арышту журналіста Грамадскага тэлебачання Грузіі Георгія Лагідзэ. Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" консул Грузіі ва Ўкраіне Зураб Квачадзэ, які знаходзіцца ў Мінску і спрабуе вызваліць журналіста, які з 24 сакавіка знаходзіцца за кратамі.
"У прынцыпе, на 95 адсоткаў я быў упэўнены, што яны пакінуць у сіле рашэнне суда, бо зразумела, што гэта - свайго роду "паказальнае пакаранне", - зазначыў сп. Квачадзэ. У той жа час, консул абураны заявамі суддзяў, што грузінскія журналісты нібыта бралі ўдзел у "акцыі" каля Акрэсціна, "скіраванай супраць беларускай дзяржаўнасці". "Журналісты былі з камерай і выконвалі свой прафесійны абавязак, працуючы ў месцы, дзе адбываліся нейкія падзеі… Так працуюць журналісты ва ўсім свеце!"
Сп. Квачадзэ нагадаў, што грузінскіх грамадзян звінавацілі ў хуліганстве - грубай лаянцы (арт. 156 КоАП). "Ну, уявіце сабе: навошта мне, грузіну, лаяцца па-руску?! Натуральна, я б рабіў гэта па-грузінску, і ніхто б не змог зразумець, ці я лаюся ці вершы чытаю!..", - эмацыйна дзеліцца ўражаннямі сп. Квачадзэ. Консул пацвердзіў прэс-службе БАЖ, што ў журналістаў былі ў парадку ўсе дакументы: у іх былі і пасведчанні, і акрэдытацыя пры МЗС, і дакументы аб рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя стаўлення да журналістаў, консул Грузіі абураны стаўленнем да сябе як да дыпламата. З яго словаў, яшчэ да суда над журналістамі МЗС Грузіі выслаў у МЗС Беларусі ноту, у якой паведаміў, што сп. Квачадзэ скіроўваецца ў Беларусь і афіцыйна прадстаўляе тут грузінскі бок. Але, з яго словаў, 27 сакавіка яго неаднаразова дэзінфармавалі адносна месца слуханняў па справах грузінскіх грамадзян, і яму так і не ўдалося трапіць на суд. З. Квачадзэ ўпэўнены, што ён бы не дапусціў вынясення такога рашэння (5 сутак для Ніно Гіоргабіані і 15 - для Георгія Лагідзэ). З яго словаў, у судзе не было ні перакладчыка, ні адваката, ні сведкаў: толькі канвой, суддзя і падсудныя.
"Я стараюся не рабіць нейкіх рэзкіх заяваў, але такое стаўленне не ўкладаецца ні ў якія нормы маралі. Падманваць дыпламата, які прыехаў з краіны, па-сяброўску настроенай да Беларусі!? Гэта можна назваць адным словам - маразм!"
Сёння сп. Квачадзэ вяртаецца ў Кіеў. Ён зноў прыедзе ў Мінск 8-га красавіка, калі з-за кратаў выпусцяць Георгія Лагідзэ.
Нагадаем, што журналістаў Грамадскага тэлебачання Грузіі затрымалі ў Мінску 24 сакавіка каля будынку спецпрымальніка на Акрэсціна, дзе яны бралі інтэрв'ю ў людзей. Пасля затрымання яны змаглі звязацца з кіраўніцтвам тэлебачання па тэлефоне і распавесці, што да іх падышлі "супрацоўнікі службы бяспекі" і папрасілі прад'явіць дакументы аб рэгістрацыі. Нягледзячы на наяўнасць усіх патрэбных дакументаў, журналістаў усё роўна затрымалі " для высвятлення сітуацыі". Потым іх тэлефоны перасталі адказваць. 27 сакавіка суд Савецкага раёна асудзіў на 5 сутак арышту журналістку Грамадскага тэлебачання Грузіі Ніно Гіоргабіані і на 15 сутак - аператара Георгія Лагідзэ.
Сваё абурэнне ў сувязі з затрыманнем здымачнай групы выказвалі прэм'ер-міністр Грузіі Зураб Нагаідэлі, МЗС Грузіі; Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі заявіла, што адмаўляецца ад супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі Беларусі да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя супрацоўнікі грузінскага тэлебачання; амбудсмэн Грузіі Созар Субары звярнуўся да беларускіх уладаў і акрэдытаваных у Мінску міжнародных арганізацый з патрабаваннем зрабіць усё магчымае для вызвалення затрыманай здымачнай групы. У заяве гэты факт характарызаваўся як "адкрыты пераслед прадстаўнікоў свабодных медыяў і праява дыктатарскага рэжыму беларускіх уладаў".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"