Першы пасля выбараў нумар "Народнай волі" трапіў да чытача
Сёння ў Беларусь трапіў першы пасля выбараў нумар "Народнай волі" (№№48-49). Яго надрукавала Смаленскае ТАА "Друкарня Міхайлава" накладам 11 тысяч асобнікаў. Уначы з 30 на 31 сакавіка, нягледзячы на праблемы на мяжы, нумар прывезлі ў Мінск.
"Ноччу некалькі гадзін трымалі на мяжы. Я вымушаны быў "падымаць" чыноўнікаў міліцэйскіх, АБЭЗаўскіх у Віцебску, Мінску, Дуброўна - усіх, каго толькі можна, каб толькі нас прапусцілі...", - зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч.
На першай паласе пад "шапкай" газеты змешчаны панарамны фотаздымак Кастрычніцкай плошчы Мінска ўвечары 19 сакавіка. Там жа апублікаваны артыкул Іосіфа Сярэдзіча "На волю!", у якім ён тлумачыць прычыны перапынку ў выхадзе газеты і заклікае чытачоў да салідарнасці і падтрымкі "Народнай волі". Пад рубрыкай "Без каментарыяў" надрукаваныя лісты рэдактара розным чыноўнікам і адказным асобам з просьбай даць газеце магчымасць друкавацца і распаўсюджвацца ў Беларусі. У газеце змешчаныя расповеды відавочцаў і ўдзельнікаў падзеяў 25 сакавіка, каментары беларускіх і замежных аналітыкаў, фотаздымкі.
"Трывожныя, вельмі трывожныя дні перажыла і перажывае Беларусь. Не менш хвалюючыя часы чакаюць нас наперадзе. І кожны павінен вызначыць сваю пазіцыю. Мы, журналісты "Народная волі", застанемся і надалей вернымі свайму прафесійнаму абавязку - будзем рабіць усё магчымае, каб газета была яшчэ больш цікавай і змястоўнай", - гаворыцца ў звароце І. Сярэдзіча да чытачоў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"