Уражанні грузінскай журналісткі: "З затрыманымі ў Мінску абыходзяцца як са звярамі..."
"З затрыманымі ў Мінску абыходзяцца як са звярамі, нягледзячы на тое, кім з'яўляюцца затрыманыя - удзельнікамі акцыі пратэсту, журналістамі альбо дыпламатамі". Гэткую заяву зрабіла 30 сакавіка ў Кіеве журналістка Грамадскага тэлебачання Грузіі Ніно Гіоргабіані, - паведаміла інфармацыйнае агенцтва "Новости-Грузия" (www.newsgeorgia.ru). 29 сакавіка Н.Гіоргабіані, нагадаем, выйшла на волю пасля 5 сутак адміністратыўнага аршыту і прыехала ў Кіеў у суправаджэнні консула Грузіі на Украіне Зураба Квачкадзэ.
У Кіеве журналістку сустрэў старшыня Камітэту па абароне і бяспецы Грузіі Гіві Таргамадзэ, які знаходзіцца ў Кіеве. Размаўляючы з прадстаўнікамі грузінскіх СМІ пра знаходжанне іх калегаў у беларускай вязніцы, дзе дагэтуль утрымліваецца журналіст Георгі Лагідзэ, Г. Таргамадзэ адзначыў: "Мы павінныя зрабіць усё магчымае, каб вызваліць яго як мага хутчэй". "Дзеянні, якія дапусціў Лукашэнка ў апошнія дні, прадвяшчаюць, што яго ў хуткім часе звергнуць".
Па словах Н. Гіоргабіані, у момант затрымання здымачная группа грамадскага тэлебачання Грузіі знаходзілася каля таго самага аддзялення міліцыі ў Мінску, куды затым пасадзілі затрыманых журналістаў (відавочна, гаворка ідзе пра спецпрымальнік на Акрэсціна, - прым. БАЖ). "Каля гэтага аддзялення мы запісалі на камеру меркаванне прадстаўніка апазіцыі. Потым да нас падышлі міліцыянты, і як толькі пры праверцы нашых дакументаў яны ўбачылі, што мы грузіны, тут жа сталі тэлефанаваць начальніку", - распавяла журналістка. Яна сказала, што добра сябе адчувае і ў бліжэйшы час вернецца ў Грузію.
Інфармацыйнае агенцтва "Новости-Грузия" нагадвае, што грузінскія журналісты былі затрыманыя 24 сакавіка. У дачыненні да Гіоргабіані суд Мінска выбраў меру стрымання ў выглядзе пяці сутак пазбаўленне волі, пасля чаго яна была вызваленая. Аператара асудзілі на 15 сутак.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"