На тэрыторыі Літвы забаранілі БТ


29 сакавіка Камісія тэлерадыё Літвы абвесціла пра сваё рашэнне спыніць трансляцыю беларускага дзяржаўнага тэлебачання на тэрыторыі Літвы, - паведаміла Радыё "Свабода".

29 сакавіка Камісія тэлерадыё Літвы абвесціла пра сваё рашэнне спыніць трансляцыю беларускага дзяржаўнага тэлебачання на тэрыторыі Літвы, - паведаміла Радыё "Свабода". Дырэктар Літоўскай асацыяцыі кабельнага тэлебачання заявіў, што асацыяцыя, якая аб'ядноўвае каля 50 кампаній, выканае рашэнне камісіі. Паводле "Свабоды", БТ надалей змогуць глядзець толькі тыя жыхары Літвы, што маюць спадарожнікавыя антэны.

Рашэнне было прынята з улікам ранейшай рэзалюцыі літоўскага Сейму адносна выбараў у Беларусі, у якой беларуская ўлада была названа "дыктатарскім рэжымам", і гаварылася, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзінфармацыю. Паводле закону, рашэнне Камісіі набудзе моц праз тыдзень пасля яго публікацыі на старонках выдання "Навіны дзяржавы".

Радыё "Свабода" нагадвае, што дзяржаўнае беларускае тэлебачанне ў мінулую суботу ў сваіх рэпартажах паведаміла, што кіраўнік знешняй палітыкі Еўрасаюзу Хаўер Салана, міністр замежных спраў Літвы і літоўская амбасада нібыта рыхтавалі мітынгі пратэсту ў Менску і кіравалі імі. Прэзідэнт Літвы і іншыя кіраўнікі Літвы заявілі, што ня будуць палемізаваць з тэлеканаламі, якія кантралююцца дыктатарскім рэжымам.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"