Пратэст Сусветнай асацыяцыі газетаў у сувязі з пераследам журналістаў у Беларусі


Спадару Аляксандру Лукашэнку

Спадару Аляксандру Лукашэнку
Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Вул. Карла Маркса, 38
Мінск, Беларусь
Факс: 00 375 17 2 22 35 03

29 сакавіка 2006 г.

Шаноўны пане,

Звяртаемся да вас ад імя Сусветнай асацыяцыі газетаў і Сусветнага форуму рэдактараў, чальцамі якіх з'яўляюцца звыш 18000 перыядычных выданняў з 102 краін свету, дзеля выказвання нашага абурэння з прычыны масавых арыштаў журналістаў у Беларусі, якія адбываліся падчас і пасля вашага пераабрання на пасаду прэзідэнта.

Паводле атрыманых звестак, міліцыя затрымала не менш за дзевяць журналістаў 24 сакавіка гэтага года. Прадстаўнікі ўладаў забаранілі журналістам весці відэа- і фотаздымкі міліцэйскага нападу на ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы г. Мінска, у выніку якой былі арыштаваныя сотні дэманстрантаў і была гвалтоўна спынена кругласутачная вахта пратэсту супраць вынікаў несправядлівых і недэмакратычных выбараў у Беларусі, што адбыліся 19 сакавіка 2006 г.

Паводле атрыманай інфармацыі, журналісты незалежнай газеты "Наша ніва" Таццяна Снітко і Арцём Лява, вольныя журналісты Таццяна Ваніна і Вадзім Казначэеў, канадскі вольны рэпарцёр Фрэдэрык Лавуа, а таксама карэспандэнт расійскай праваабарончай інфармацыйнай агенцыі "ПРИМА-ньюс" Аляксандр Падрабінак былі затрыманыя ўначы з 23 на 24 сакавіка 2006 г.

Паводле атрыманых паведамленняў, афіцыйна акрэдытаваныя рэпарцёры Грузінскага грамадскага тэлеканала Ніно Гіёргабіяні і Георгі Лагідзэ былі таксама затрыманыя 24 сакавіка ў двары аднога з судоў г. Мінска, у той час, калі яны збіраліся ўзяць інтэрвію ў сваякоў арыштаваных удзельнікаў вышэйзгданых акцыяў пратэсту.

Акрамя гэтага сталася вядомым пра затрыманне яшчэ некалькіх замежных журналістаў напрацягу мінулага тыдня. Сярод іх рэпарцёр польскага "Радыё Палонія" Дзмітрый Гурневіч і ўкраінскі журналіст Андрэй Любка з газеты "Карпацкі голас", якія былі арыштаваныя, адпаведна, 21 і 22 сакавіка 2006 г.

Паводле звестак ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", не менш за 28 беларускіх журналістаў былі затрыманыя і арыштаваныя за апошнія два тыдні.

Хочам паважліва нагадаць вам, што арышты і затрыманні згаданых журналістаў сведчаць пра сур'ёзнае парушэнне іх правоў на свабоду выказвання, гарантаванае шматлікімі міжнароднымі канвенцыямі, у т.л. Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. У прыватнасці, артыкул 19 Дэкларацыі вызначае наступнае: "Кожны мае права на свабоду меркавання і свабоду выказвання. Гэтае права ўключае ў сябе свабоду на выказванне ўласнага пункту гледжання, а таксама права на пошук, атрыманне і распаўсюд інфармацыі і думак праз любыя сродкі масавай інфармацыі незалежна ад дзяржаўных межаў".

Мы жадаем выказаць сваю салідарнасць з усёй беларускай незалежнай медыя-супольнасцю, якая робіць мужныя захады дзеля працягу асвятлення ў СМІ акалічнасцяў нападаў дзяржаўных службаў бяспекі на прыхільнікаў апазіцыі. Таксама мы высока цэнім намаганні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што ажыццяўляе маніторынг працяглага ўціску свабоды прэсы з боку вашага ўрада.

У 2003 г. ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала ўзнагароду Сусветнай асацыяцыі газетаў - "Залатое пяро свабоды" ў знак прызнання выбітнага ўнёску гэтай арганізацыі ў справу развіцця свабоды прэсы.

Заклікаем вас зрабіць усё магчымае дзеля неадкладнага ды безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых журналістаў, а таксама тэрмінова спыніць напады на прадстаўнікоў прэсы. Згаданы ўціск з'яўляецца паказчыкам злоўжывання ўладай. Патуранне злачынным дзеянням спрычыніць стварэнне яшчэ больш адмоўнай рэпутацыі вашай краіны на міжнароднай арэне.

Мы патрабуем, каб у далейшым Вы зрабілі ўсё магчымае дзеля выканання вашай краінай міжнародных стандартаў у галіне свабоды выказванняў.

Спадзяемся на атрыманне вашага адказу ў бліжэйшым часе.

З павагай,

Гэйвін А'Рэйлі (Gavin O'Reilly) Джордж Брок (George Brock)
Прэзідэнт Прэзідэнт
Сусветная асацыяцыя газетаў Сусветны форум рэдактараў

cc : Сп. Кофі Анан, Генеральны сакратар, ААН
Сп. Каішыра Мацуура, Генеральны дырэктар, ЮНЭСКА

Сусветная асацыяцыя газетаў з'яўляецца глабальнай прафесійнай арганізацыяй, якая аб'ядноўвае звыш 18000 газетаў з 102 краінаў свету, 11 інфармацыйных агенцыяў і 9 рэгіянальных і сусветных прэс-групаў. Асацыяцыя мае афіцыйнае прадстаўніцтва пры ААН, ЮНЭСКА і Радзе Еўропы. Сусветная асацыяцыя газетаў з'яўляецца недзяржаўнай і некамерцыйнай арганізацыяй.