М. Харашці: "Затрыманні журналістаў - гэта парушэнне прынцыпаў АБСЕ"


Упаўнаважаны па пытаннях свабоды СМІ АБСЕ Міклаш Харашці лічыць, што затрыманні беларускіх і замежных журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі парушэннем прынцыпаў АБСЕ.

Упаўнаважаны па пытаннях свабоды СМІ АБСЕ Міклаш Харашці лічыць, што затрыманні беларускіх і замежных журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі парушэннем прынцыпаў АБСЕ. 28 сакавіка на сайце АБСЕ (www.osce.org) з'явіўся адпаведны прэс-рэліз, - перадае Радыё "Свабода".

М. Харашці падкрэсліў, што, па яго звестках, у Беларусі былі здзейсненыя напады і затрыманні журналістаў з Канады, Чэхіі, Францыі, Грузіі, Расіі, Польшчы, Украіны, Злучаных Штатаў; некаторыя з іх былі асуджаныя на максімальныя тэрміны адміністрацыйнага арышту - на 15 сутак. 23 сакавіка ён звярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай пацвердзіць ці абвергнуць гэтыя звесткі. Адказу не было: толькі з'явілася паведамленне беларускага тэлебачання аб збіцці журналістаў гэтага каналу 25 сакавіка. Хаця дакладная колькасць інцыдэнтаў невядомая - адзначае ў сваёй заяве Міклаш Харашці, ёсць пацверджанні з незалежных крыніц, што многім беларускім і замежным журналістам перашкаджалі ў іх працы, затрымлівалі і асуджалі на адміністрацыйны арышт.
Упаўнаважаны АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ падкрэслівае, што абарона журналістаў, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі, і гарантыі іх бяспекі з'яўляюцца фундаментальнымі абавязкамі краін-сябраў АБСЕ. Паводле сп. Харашці, гэтыя абавязкі ўраду дзейнічаюць і ў тым выпадку, калі журналісты асвятляюць і недазволеныя падзеі. "Адсутнасць дазволу на мерапрыемства не з'яўляецца падставай для судовага пераследу журналістаў, якія асвятляюць яго," - заявіў М. Харашці.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"