Выпадак Шарамета


У гэтыя сакавіцкія дні паведамленні пра затрыманні і збіццё журналістаў у Мінску - у тым ліку замежных - зрабіліся амаль звыклымі, нават будзённымі.

Асабістае меркаванне

У гэтыя сакавіцкія дні паведамленні пра затрыманні і збіццё журналістаў у Мінску - у тым ліку замежных - зрабіліся амаль звыклымі, нават будзённымі. Звыклай зрабілася і рэакцыя, дакладней - адсутнасць рэакцыі на драматычныя падзеі ў Беларусі ў абсалютнай большасці расійскіх СМІ. Выключэннем сталася толькі затрыманне кіраўніка спецпраектаў расійскага 1-га каналу Паўла Шарамета. Замаўчаць гэты факт немагчыма было, паколькі Шарамет хоць і даўно не з'яўляецца на тэлеэкранах, па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю сярод беларускіх гледачоў.
Да таго ж, не заўважыць арышту свайго вядомага калегі азначала б для кіраўніцтва самай буйной расейскай тэлекампаніі канчаткова згубіць твар. Але манера, у якой 1-ы канал паведаміў у праграме "Час" пра затрыманне журналіста ў Мінску, сведчыць аб тым, што яго калегі ў Маскве ўсё ж страцілі ўяўленні аб журналісцкай этыцы. У паведамленні амаль ні слова не было сказана ні пра жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі, ні пра абставіны затрымання журналіста. Дзеянні апазіцыі былі названыя "камічнымі", а замест карцінкі з месца падзей тэлегледачам была паказаная толькі фатаграфія Шарамета.
Падобную рэакцыю расійскага тэлеканалу можна было б апраўдаць тым, што яго кіраўніцтва клапацілася, ў першую чаргу, аб лёсе затрыманага калегі і не хацела рэзкімі заявамі ці каментарамі перашкодзіць ягонаму вызваленню. Можна было б, калі б ранейшыя паведамленні і каментары на 1-м канале наконт выбараў у Беларусі не вызначаліся палітычнай заангажаванасцю і, мякка кажучы, паўпраўдай. Таксама як і беларускі 1-ы канал, ягоны расійскі аналаг распавядаў пераважна пра аднаго кандыдата - дзейнага прэзідэнта Беларусі. А напярэдадні выбараў у вялікім сюжэце на гэтую тэму з дзеячаў апазіцыі былі паказаныя толькі Казулін (прычым, ягонае збіццё і затрыманне 2-га сакавіка таксама падавалася ў камічным святле) і чамусьці Станіслаў Шушкевіч. Для адзінага кандыдата ад апазіцыі Мілінкевіча часу ў праграме "Час" не знайшлося.
Вяршыняй цынізму можна лічыць каментар аглядальніка расійскага 1-каналу Лявонц'ева ў праграме "Аднак", які ў дзень разгону маніфестацыі і масавых арыштаў з усмешкай гаварыў: "Не атрымалася ў апазіцыі карцінкі! Ну, хто такі гэты Казулін?" Паказаць крывавыя кадры збіцця СОБРаўцамі жанчын і старых людзей на праспекце Дзяржынскага, якія абышлі ўсе тэлеканалы свету, маскоўскаму каментатару, відаць, не хапіла мужнасці.
Між тым, некалі ў праграме "Аднак" выступалі і іншыя журналісты, у тым ліку Павел Шарамет. Як і ягоныя калегі, ён выказваўся з пазіцыяў кіраўніцтва 1-га каналу, які тады называўся ГРТ. У сваю чаргу, гэтая пазіцыя заўсёды адпавядала інтарэсам галоўнага трымальніка акцыяў Грамадскага расійскага тэлебачання - "Газпрому", а значыць, і крамлёўскага кіраўніцтва.
Можна ўспомніць, што карэспандэнты ГРТ Павел Шарамет і тэлеаператар Зміцер Завадскі фармальна былі абвінавачаныя беларускім судом за парушэнне дзяржаўнай мяжы, а фактычна - за спробу паказаць, што беларуска-літоўская мяжа на той момант не была надзейным заслонам для нелегальнай кантрабанды. А гэта не адпавядала, натуральна, эканамічным інтарэсам Расіі, якая разам з Беларуссю абвесцілі стварэнне адзінай дзяржавы.
Пасля таго, як Барыс Ельцын, нібыта жартам, пагразіў Лукашэнку: не выпусціш Шарамета - перакрыем газавы кран, - прэзідэнт Беларусі, мабыць, у першы і ў апошні раз саступіў знешняму ціску. Пратэсты заходніх і расійскіх праваабарончых арганізацый самі па сабе не здольныя былі прымусіць беларускае кіраўніцтва вызваліць журналіста з турмы. Але ж грамадская думка тады яшчэ штосьці значыла для кіраўніцтва Расіі, якое прысягала на вернасць дэмакратычным прынцыпам.
Пасля вызвалення Шарамет, якому зняволенне ў Беларусі прынесла славу, працягваў працаваць на ГРТ, дзе яго чакала павышэнне. Невядома, як склалася б далейшая кар'ера таленавітага журналіста, калі б не знікненне яго калегі і сябра Змітра Завадскага ў мінскім аэрапорце ў 2000-м годзе. Здабыць праўду пра абставіны знікнення Завадскага зрабілася для Шарамета справай гонару. Паступова ў гэтым змаганні за праўду кар'ерныя і карпаратыўныя інтарэсы ўсё больш адыходзілі на другі план. Праўда і сумленнасць, звычайная чалавечая салідарнасць аказаліся вышэй за ўсялякую палітыку.
У выніку нарадзіўся сайт "Белорусский партизан" - адзін з лепшых інтэрнэт-праектаў апошняга часу. Сайт, на якім ад былога каментатара ГРТ не засталося і следу. Мы чуем ясны, чысты голас мужнага журналіста, які адкрыта выступіў супраць маны і гвалту ў Беларусі. І які застаецца пры гэтым грамадзянінам і патрыётам Расіі.
Выпадак Шарамета выглядае асабліва кантрасным на фоне паводзінаў пераважнай большасці расійскіх СМІ і журналістаў у дачыненні да Беларусі. Пазіцыя 1-га каналу выглядае далёка не выключэннем. Дастаткова ўспомніць, напрыклад, як у праграме "Весткі тыдня" 19 сакавіка яе вядучы Брылёў кінуў пра падзеі ў Мінску фразу аб тым, што на экране манітору ў студыі ён бачыць, быццам на Кастрычніцкай плошчы ідуць адразу два мітынгі - адзін у падтрымку Лукашэнкі, другі - супраць. Напэўна, сёння на Расійскім тэлебачанні гэта завецца аб'ектыўнасцю.
Канал НТВ, які яшчэ нядаўна лічыўся сапраўды аб'ектыўным і прыстойным, паведамляе пра дзеянні беларускай апазіцыі выключна ў "сцёбным", іранічным стылі, не абцяжарваючы сябе і гледачоў падрабязнасцямі пра арышты, суды, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання зняволеных ў турмах. А прадстаўнік гэтай кампаніі прыязджае ў Мінск, каб адкрыта выступіць у сваім інтэрв'ю ў падтрымку ўлады, апраўдваючы яе дзеянні... правам народу зрабіць свой выбар.
Але яшчэ больш уражвае, калі нават незалежныя інфармацыйныя сайты ў расійскім інтэрнэце - такія, як "lenta.ru","gazeta.ru", "newsru.com" ды шмат іншых падчас выбараў і акцыяў пратэсту ў Беларусі раптам пачынаюць старанна "працэджваць" інфармацыю. Амаль скрозь зубы яны выціскалі з сябе нейкае няўцямнае мармытанне. Напрыклад - пра тое, "як пасварыліся паміж сабой лідэры апазіцыі". Гэта ў дзень крывавых падзеяў у беларускай сталіцы, аказваецца, было галоўным.
Сайт "Инопресса" з усёй масы публікацый выбірае артыкул у нямецкай "Тагесшпігель", якая ўскладае ўсю віну за апошнія падзеі ў Мінску на... апазіцыю. Іх калегі з "Иносми.ру" выставілі на галоўную старонку артыкул малавядомай франузскай газеткі "Рэзон дэ Вольтэр". Газетка піша аб тым, што Захаду не ўдалося каварным чынам уцягнуць Беларусь у НАТО, паколькі узровень жыцця беларусаў дасягнуў завоблачных вышыняў.
Хлопцаў і дзяўчат, якія начавалі пад акрытым небам на плошчы - таксама, як і АМОН з дубінкамі і спецсродкамі, судовыя расправы над затрыманымі і здзекі над іх сваякамі - расійскія медыі не заўважалі ва ўпор, як быццам ва ўсіх журналістаў разам сапсаваўся зрок і слых. Магчыма, аб гэтым паклапаціўся расійскі ФСБ, якому ўдалося заблакаваць усе праўдзівыя паведамленні з Мінску цягам апошніх тыдняў.
Гэтым можна, канешне, патлумачыць маўчанне. Але як зразумець з'едлівыя, па-сутнасці, здзеклівыя каментары амаль на ўсіх без выключэння сайтах наконт слабасці беларускай апазіцыі? У нармальным грамадстве слабасць, чыясьці параза выклікаюць спачуванне і жаданне дапамагчы. У расійскім грамадстве гэта выклікае зларадства. Вось вам ваша "рэвалюцыя"!
Калі гэта не так - чаму ў апошнія дні не чутно было голасу расійскай грамадскасці? Калі не лічыць выказванняў упаўнаважанага па правах чалавека Лукіна, прадстаўнікоў СПС, рэдкалегіі "Новой газеты" і сайту Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі, з расійскага боку ніхто больш адкрыта не выказаўся ў абарону ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі.
Пра суд над галоўным рэдактарам тыднёвіка "Наша Ніва" Андрэем Дыньком, які паводле стандартнага абвінавачання ў "хуліганстве" атрымаў 10 сутак, беларускі ПЭН-цэнтр адразу паведаміў расійскім калегам. Але расійскі ПЭН-цэнтр таксама дагэтуль маўчыць. Маўчаць і расійскі саюз журналістаў, і Фонд абароны галоснасці. Маўчыць большасць журналістаў, маўчаць пісьменнікі, мастакі, навукоўцы. Замест іх вяшчаюць з расейскіх экранаў жырыноўскія і зюганавы, якія не хаваюць радасці ад таго, што ў Беларусі, так бы мовіць, жалезнай рукой наведзены парадак.
Расійскія журналісты, безумоўна, маюць права па-свойму ацэньваць падзеі ў суседняй дзяржаве, выказваць любыя пачуцці. Але яны не павінны здзіўляцца, калі іх беларускія калегі з недзяржаўных СМІ не захочуць падаць ім рукі пры сустрэчы.
Гэта, зразумела, не тычыцца Паўла Шарамета.

Віталь Тарас, спецыяльна для www.baj.by