Таццяну Ваніну арыштавалі на 10 сутак
Як паведамляе ПЦ "Вясна", 27 сакавіка суд Першамайскага раёна асудзіў Таццяну Ваніну (вольная журналістка, сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў") на 10 сутак адміністратыўнага арышту.
Яе затрымалі ўначы з 23 на 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы пад час ліквідацыі намётавага гарадка. Доўгі час яе месцазнаходжанне не было вядомае: толькі ў панядзелак раніцай супрацоўнік Жодзінскага ГУУС пацвердзіў прадстаўнікам БАЖ, што яе (як і Вадзіма Казначэева і Таццяну Снітко) трымалі ў Жодзінскім СІЗА.
Стала вядома прозвішча яшчэ адной журналісткі, затрыманай у ноч з 23 на 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы. Гэта Святлана Станкевіч - вольны журналіст, былая пазаштатная супрацоўніца "Новой газеты Сморгони". (Пакуль невядома, ці знаходзілася яна ў намётавым гарадку дзеля выканання сваіх прафесійных абавязкаў). Паводле ПЦ "Вясна", 27 сакавіка яна была асуджаная на 8 сутак арышту судом Заводскага раёна.
27 сакавіка ў Мінску судзілі таксама Дар'ю Кастэнку - вольную журналістку, пазаштатную аўтарку часопісу "Асвета і адукацыя", аўтарку "Сакавіцкіх дзённікаў" у LiveJournal (http://bullochka.livejournal.com/186406.html). Таксама была зытрманая з 23 на 24 сакавіка; асуджаная на 10 сутак арышту.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"