Журналістка "Gazety Wyborczej" Вераніка Самаліньска (Weronika Samolinska) - у судзе
Журналістку "Gazety Wyborczej" Вераніку Самаліньску, затрыманую на Кастрычніцкай плошчы ў ноч з 23 на 24 сакавіка, сёння будуць судзіць (разам з былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Марыюшам Машкевічам). Пра гэта паведамляе сайт "Gazety Wyborczej".
Паводле "GW", у судзе знаходзіцца кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Польшчы Кшыштаф Свідэрэк. Амбасада Польшчы накіравала ноту ў беларускае МЗС, у якой дамагаецца інфармацыі наконт магчымага затрымання польскіх грамадзян пад час дэманстрацыі 25 сакавіка.
У часе апошняга спаткання з прадстаўніком консульства М. Машкевіч паведаміў, што яго моцна збілі пад час затрымання і дастаўкі ў пастарунак. Самаліньска на збіццё не скардзілася. У адказе на ноту, якой амбасада Польшчы дамагалася інфармацыі пра затрыманых на Кастрычніцкай плошчы польскіх грамадзян, а таксама патрабавала аказання лекарскай дапамогі Машкевічу, беларускія ўлады толькі пацвердзілі факт затрымання Самаліньскай і Машкевіча, - паведамляе "GW".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"