У.Навумаў зрабіў заяву для прэсы, але не стаў адказваць на пытанні журналістаў
Кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў у 18.30 зрабіў заяву для прэсы ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Ён назваў "адэкватнымі" і накіраванымі на забеспячэнне правапарадку” дзеянні праваахоўных органаў Беларусі ў дачыненні да “апазіцыйна настроеных грамадзян”, што ўчынілі беспарадкі ў цэнтры горада. Ён заявіў журналістам, што пад час акцыі экс-кандыдат А. Казулін “заклікаў да фізічнай расправы над кіраўніком дзяржавы і захопу ўлады”. У. Навумаў заявіў, што супраць яго будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Насуперак сведчанням відавочцаў, ён адмаўляе, што міліцыя ўжывала спецсродкі, і заяўляе, што пад час вулічных сутыкненняў пацярпелі 8 прадстаўнікоў праваахоўных органаў, адмаўляючы наяўнасць пацярпелых сярод дэманстрантаў.
Зрабіўшы кароткую заяву, Навумаў сышоў, не адказаўшы на пытанні журналістаў.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"