Новыя арышты і затрыманні журналістаў
Канадскі грамадзянін Фрэдэрык Леруа (паводле ПЦ "Вясна" - Фрэдэры Дэлюа) асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Такія звесткі пра затрыманага ўначы з 23 на 24 сакавіка замежнага журналіста паведамілі праваабаронцы цэнтру "Вясна" сёння ўвечары.
Паводле "Хартыі-97", увечары на Кастрычніцкай плошчы адбылося затрыманне французскай журналісткі, карэспандэнткі газеты "Liberation" і яшчэ пяці чалавек. Прэс-служба АГП паведамляе, што супрацоўнікі АМАП спрабавалі перашкаджаць працы журналістаў, якія здымалі затрыманне. У тэлеаператара Польскага тэлебачання спрабавалі забраць камеру.
Месцазнаходжанне некалькіх журналістаў, затрыманых уначы на Кастрычніцкай плошчы мінулай ноччу, дагэтуль невядомае. Па звестках праваабаронцаў, тых, каго не паспелі асудзіць у Мінску 24 сакавіка, перавезлі ў СІЗА №8 г. Жодзіна.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"