Затрымалі частку накладу "Glos znad Niemna" у эміграцыі"


23 сакавіка ў Гродна міліцыя затрымала частку накладу газеты "Glos znad Niemna" у эміграцыі" (дакладная колькасць асобнікаў невядомая).

23 сакавіка ў Гродна міліцыя затрымала частку накладу газеты "Glos znad Niemna" у эміграцыі" (дакладная колькасць асобнікаў невядомая).

Міліцыянты затрымалі машыну, у якой некалькі актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў (у тым ліку журналістка "Glos znad Niemna" Інэс Тодрык) перавозілі газету. Усіх затрыманых даставілі ў аддзяленне міліцыі мікрараёну Дзевятоўка: газету забралі, Інэс Тодрык дапыталі і адпусцілі, актывіста СПБ А. Лісоўскага прыгаварылі да 10 сутак арышту, а машыну пакінулі "для правядзення экспертызы".

Нагадаем, што рэдактар згаданага выдання Анджэй Пісальнік гэтымі днямі паўторна адбывае пакаранне ў выглядзе адміністратыўнага арышту: 21 сакавіка ён быў асуджаны на 12 сутак арышту. Затрыманне адбылося ў дзень выхаду журналіста на волю пасля адбывання 5-і сутак папярэдняга адміністратыўнага арышту "за дробнае хуліганства".

Сёння стала вядома, што выйшаў на волю гродзенскі журналіст, рэдактар часопіса "Magazyn polski" ў эміграцыі" Андрэй Пачобут. З 14 сакавіка ён адбываў адміністратыўны арышт "за дробнае хуліганства".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"