Стала вядома яшчэ пра некалькіх затрыманых журналістаў
У спісе журналістаў, затрыманых і прыцягнутых да адказнасці за апошнія дні, дадаліся яшчэ некалькі прозвішчаў: гэта журналістка газеты "Брестский курьер" Ірына Лаўроўская, а таксама двое супрацоўнікаў грузінскага грамадскага тэлебачання. Усяго ў спісе цяпер 30 прозвішчаў журналістаў, якіх затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасці цягам апошніх 10 дзён. (Абноўлены спіс знаходзіцца на сайце БАЖ: www.baj.by)
Ірыну Лаўроўскую ("Брестский курьер") затрымалі 23 сакавіка каля 11.30 непадалёк ад Кастрычніцкай плошчы. У той жа дзень суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў яе на 2 базавыя велічыні "за дробнае хуліганства" (арт. 256 КоАП). У пастанове суда, якую Ірына паказала супрацоўнікам БАЖ, гаворыцца, што яна "выражалась грубой бранью" і "на замечания сотрудников милиции не реагировала", чым парушыла грамадскі парадак. Журналістка так і не высветліла, хто ж сведчыў супраць яе, бо побач з ёй у момант затрымання нікога не было.
Па звестках БАЖ, каля 12.00 24 сакавіка ў Мінску былі затрыманыя двое супрацоўнікаў Грамадскага тэлебачання Грузіі - Ніно Гіоргабіані і Георг Лагідзэ. Яны бралі інтэрв'ю ў людзей, што сабраліся каля спецпрымальніка на Акрэсціна, каб даведацца пра лёс сваіх блізкіх і перадаць ім перадачу за краты. Паводле непацверджаных пакуль звестак, яны знаходзяцца ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"