Намесніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" выклікалі ў ГУУС Мінгарывыканкама


23 сакавіка намесніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэя Бастунца выклікалі ў аддзел уласнай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама.

23 сакавіка намесніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэя Бастунца выклікалі ў аддзел уласнай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама. Нагодай для звароту сталі неаднаразовыя звароты БАЖ у праваахоўныя органы ў сувязі з выпадкамі збіцця і перашкодамі журналісцкай дзейнасці, якія мелі месца напярэдадні выбараў.

А. Бастунца папрасілі даць пісьмовыя тлумачэнні адносна пералічаных у зваротах фактаў парушэння правоў журналістаў. Прадстаўніку БАЖ паведамілі, што аддзел ГУУС зараз праводзіць разбіральніцтва па гэтых фактах, надаючы асаблівую увагу збіццю карэспандэнта "Комсомольской правды в Белоруссии" Алега Улевіча. Расследаваннем таксама займаецца пракуратура Маскоўскага раёна г. Мінска.

Нагадаем, што 7 сакавіка БАЖ накіраваў афіцыйныя звароты на імя Генеральнага пракурора РБ Пятра Міклашэвіча і міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава з просьбай прыцягнуць да адказнасці асобаў, што 2 сакавіка збівалі журналістаў і перашкаджалі іх прафесійнай дзейнасці, а таксама забяспечыць недапушчэнне такіх падзеяў у будучым. МУС даручыў разбірацца па выкладзеных у заявах фактах УУС Мінгарвыканкама, і 21 сакавіка БАЖ накіраваў начальніку гэтай структуры Анатолю Куляшову дадатковыя матэрыялы і дапоўніў пералік парушэнняў правоў журналістаў новымі фактамі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"