Новае затрыманне ў Гродна


Ў Гродна сёння затрыманы журналіст, пазаштатны карэспандэнт газеты "Салідарнасць" Іван Роман.

Ў Гродна сёння затрыманы журналіст, пазаштатны карэспандэнт газеты "Салідарнасць" Іван Роман. Раніцай яго затрымала міліцыя, калі ён выйшаў на вуліцу пасля сустрэчы са старшынём абласнога штаба А. Мілінкевіча Анатолем Хацько. Зараз І. Роман знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёна Гродна; паводле дзяжурнага, з ім вядзецца "размова". Па непацверджанай пакуль інфармацыі, І. Роману зноў інкрымінуецца дробнае хуліганства.

Нагадаем, што ў першы раз яго затрымалі 18 сакавіка ў Мінску, і напрацягу некалькіх дзён ніхто не ведаў яго месцазнаходжання. І. Роман патэлефанаваў у панядзелак раніцай і распавёў калегам, што ўвесь гэты час быў у Лідзе. Ён паведаміў, што ў суботу яго да вечара пратрымалі ў Першамайскім РАУС Мінска, дзе да яго перыядычна падыходзіў невядомы чалавек у цывільным, які прыстаўляў да яго галавы пісталет і пагражаў. Каля 20.00 яго перавезлі ў міліцэйскай машыне ў Мінска ў Ліду і змясцілі ў ізалятар. 20 сакавіка судзілі і далі штраф памерам 2 базавыя велічыні нібыта за нецэнзурную лаянку.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"