"БДГ. Деловая газета" прыпыніла выхад


Выдавец і галоўны рэдактар недзяржаўнага выдання "БДГ. Деловая газета" Пётр Марцаў вырашыў прыпыніць выхад газеты "да высвятлення ўмоваў працы".

паводле БелаПАН

Выдавец і галоўны рэдактар недзяржаўнага выдання "БДГ. Деловая газета" Пётр Марцаў вырашыў прыпыніць выхад газеты "да высвятлення ўмоваў працы". Нягледзячы на тое, што 21 сакавіка надрукаваны ў Смаленску наклад удалося ўвезці ў Беларусь, рэдакцыі "далі зразумець, што на гэтым справа не скончыцца", - паведаміў сп. Марцаў.

З яго словаў, выхад выдання прыпыняецца "ў сувязі з няпэўнасцю абстаноўкі" з друкаваннем, увозам газеты ў Беларусь і распаўсюдам. Галоўны рэдактар нагадаў, што газета друкуецца ў Смаленску з 2003 г., пазбаўленая магчымасці распаўсюджвацца па падпісцы і раздробна, у тым ліку і праз прыватных распаўсюднікаў. Папярэдні нумар газеты Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся друкаваць, нягледзячы на тое, што дамова з рэдакцыяй (у адрозненне ад "Народнай волі" і "Товарища"), скасаваная не была, - сказаў П.Марцаў.
Журналісты выдання будуць пакуль працаваць на інтэрнэт-версію выдання.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"