У Мінску судзяць журналістаў
Зараз у суд Савецкага раёна г. Мінска скіроўваюцца журналісты, каб падтрымаць і абараніць свайго калегу, галоўнага рэдактара "Нашай нівы" Андрэя Дынько, якога маюць прывезці туды са спецпрымальніка-размеркавальніка на Акрэсціна.
Як толькі што стала вядома БАЖ, у судзе Цэнтральнага раёна сёння мае адбыцца суд над затрыманым учора журналістам газеты "Белорусы и рынок" Вадзімам Александровічам.
Паводле папярэдняй інфармацыі, В. Александровіча затрымалі ўвечары 21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы і цяпер звінавачваюць у дробным хуліганстве. Ноч ён правёў у спецпрымальніку-размеркавальніку на Акрэсціна - там жа, дзе і А. Дынько.
Дарэчы, месцазнаходжанне затрыманага ўчора раніцай рэдактара "Нашай нівы" немагчыма было высветліць да самага вечара. Спачатку прадстаўнікам рэдакцыі "Нашай нівы" паведамілі, што журналіст знаходзіцца на Акрэсціна, аднак пазней у дзяжурнай частцы ГУУС Мінгарвыканкама прадстаўнікоў БАЖ запэўнілі, што ў спецпрыёмніку-размеркавальніку яго няма. Кіраўніцтву арганізацыі ўдалося сустрэцца з намеснікам кіраўніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Віталем Грынкевічам, які паабяцаў асабіста заняцца высвятленнем лёсу затрыманага журналіста. У 16.00 ён паведаміў, што ніякай новай інфармацыі няма; у 17.00 - заявіў, што А. Дынько няма ні ў спецпрымальніку, ні ў ізалятары часовага ўтрымання. Толькі пасля 18.00 высветлілася, што журналіст усё ж такі ўтрымліваецца на Акрэсціна, а доўгія марныя пошукі нібыта звязаныя з няправільным напісаннем яго прозвішча.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"