ARTICLE 19: зварот да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь
Факсавае паведамленне
Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь
Міклашэвічу П.П.
вул. Інтэрнацыянальная, 22,
220050 Мінск ГСП,
БЕЛАРУСЬ
Шаноўны спадар,
АРТЫКУЛ 19 рашуча патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна распачаць расследаванне фактаў ужывання прадстаўнікамі міліцыі супраць журналістаў грубай сілы, што мелі месца напачатку сакавіка 2006 г.
2 сакавіка 2006 г. карэспандэнт недзяржаўнай газеты "Комсомольская правда в Беларуси" Алег Улевіч быў шпіталізаваны са страсеннем мозгу і паламаным носам. Паводле атрыманых звестак, на журналіста здзейснілі напад прадстаўнікі сілавых структур, калі ён рабіў фотаздымкі міліцэйскага ўчастка, дзе прымусова ўтрымлівалі апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Паводле атрыманых паведамленняў, спадара Казуліна самога атакавалі міліцыянты, і ён быў часова затрыманы. Робіцца відавочным, што міліцыя перашкаджала вядзенню рэпартажаў з месца нападу на апазіцыйнага кандыдата, што ўключала ў сябе збіццё карэспандэнта Алега Улевіча і іншых журналістаў. Больш за тое, былі затрыманыя фотакарэспандэнты з агенцтва "Reuters", "Аssociated Press" і недзяржаўнай газеты "Наша Ніва". Прадстаўнікі міліцыі ажыццявілі праверку зробленых імі фотаздымкаў.
Мы ўстрывожаныя тым, што ўлады дагэтуль не распачалі расследавання гэтых сур'ёзных злоўжыванняў. Замест гэтага Міністр унутраных спраў у сваім інтэрв'ю Першаму тэлеканалу (Расія) адрынуў абвінавачанні ў бок міліцыі, сцвердзіўшы, што журналіст Алег Улевіч атрымаў цялесныя пашкоджанні з-за сваёй неасцярожнасці.
АРТЫКУЛ 19 заклікае Вас неадкладна распачаць дэталёвае і аб'ектыўнае расследаванне згаданых выпадкаў збіцця журналістаў. Выпадкі выкарыстання сілы дзяржаўнымі службоўцамі і невыкананне базавых правоў чалавека павінныя разглядацца з вялікай сур'ёзнасцю.
Таксама мы выказваем рашучае асуджэнне з прычыны працягу парушэння свабодаў СМІ дзяржаўнымі органамі Беларусі, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 г., што перашкодзіла стварэнню ўмоваў для правядзення дэмакратычных выбараў і іх свабоднага абмеркавання.
З павагай,
Федэрыка Прына,
Каардынатар па краінах Еўропы, AРТЫКУЛ 19
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"