Назіральнікі ад АБСЕ прэзентавалі папярэднія вынікі сваёй працы
Сёння Міжнародная місія па назіранні за выбарамі АБСЕ прэзентавала ў Мінску папярэднюю справаздачу па выніках сваёй працы ў Беларусі. У дакладзе гаворыца, што "правядзенне прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка не адпавядала абавязальніцтвам у межах АБСЕ па дэмакратычных выбарах". Сярод сур'ёзных недахопаў аўтары дакладу называюць падкантрольнасць электронных СМІ дзяржаве і цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ў ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці недзяржаўныя СМІ.
"Электронныя СМІ агульнанацыянальнага вяшчання, падкантрольныя выключна дзяржаве, усебакова і ў пазітыўным ключы асвятлялі дзейнасць Прэзідэнта Лукашэнкі, пры гэтым практычна ігнаруючы трох астатніх кандыдатаў. У той жа час, нешматлікія незалежныя друкаваныя СМІ, што працягваюць працу, адчувалі цяжкасці ў ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці", - гаворыцца ў дакуменце. "Відавочна, што ўлады ў значнай ступені ўхіліліся ад выканання дэмакратычных прынцыпаў і гарантаваных канстытуцыяй правоў на свабоду самавыяўлення, аб'яднанняў і сходаў".
"Нягледзячы на спробы папулярызацыі сваіх кандыдатур, якія пад час перадвыбарнай кампаніі рабілі сп-ры Мілінкевіч і Казулін, СМІ не змаглі прадаставіць кандыдатам ад апазіцыі магчымасці расказаць пра свае погляды і магчымасці па-за фарматам абмежаванага часу бясплатных выступаў у СМІ, што фактычна перашкодзіла выбарцам азнаёміцца з іх праграмамі. СМІ сканцэнтравалі сваю ўвагу на асвятленні іншых пытанняў - такіх як дасягненні Беларусі з сярэдзіны 1990-х і дзейнасць сп-ра Лукашэнкі на займанай ім пасадзе Прэзідэнта".
"Асноўнымі альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі з'яўляюцца Інтэрнэт і рэгіянальныя недзяржаўныя СМІ", - гаворыцца ў дакладзе. "Тым не менш, знікненне за апошнія гады шмат якіх недзяржаўных нацыянальных і рэгіянальных СМІ, нядаўняе выключэнне агульнанацыянальных і мясцовых незалежных выданняў з рэестру дзяржаўнай рознічнай сеткі распаўсюджання аслабілі ступень плюралізму ў СМІ, якая назіралася выбаршчыкамі напярэдадні выбараў". Назіральнікі прыгадваюць у гэтым кантэксце выйманне асобнікаў недзяржаўных газет "Народная воля" і "Товарищ" у індывідуальных распаўсюднікаў.
"За выключэннем трансляцыі бясплатных выступаў у электронных СМІ выбарцы былі пазбаўленыя доступу да інфармацыі пра кандыдатаў, што перашкаджала іх магчымасці зрабіць асэнсаваны выбар", - робяць выснову аўтары дакумента.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"