Наклад газеты "Товарищ" пакуль застанецца ў распараджэнні міліцыі


85 тыс. 600 асобнікаў газеты "Товарищ", затрыманыя супрацоўнікамі Савецкага РУУС раніцай 17 сакавіка, пакуль застаецца ў распараджэнні міліцыі і перададзеная на "адказнае захаванне" на Мінскі паліграфкамбінат імя Я.Коласа.

85 тыс. 600 асобнікаў газеты "Товарищ", затрыманыя супрацоўнікамі Савецкага РУУС раніцай 17 сакавіка, пакуль застаецца ў распараджэнні міліцыі і перададзеная на "адказнае захаванне" на Мінскі паліграфкамбінат імя Я. Коласа. Пратакол выймання падпісаў старшы лейтэнант міліцыі, оперупаўнаважаны АБЭЗ Аляксандр Лянкевіч. Пра гэта паведаміў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар выдання Сяргей Вазняк. З яго словаў, 6-7 тысяч асобнікаў газеты ўсё ж паспелі перадаць грамадскім распаўсюднікам, і яны ўжо сёння маюць трапіць да чытача. Астатняя частка 200- тысячнага накладу пакуль застаецца ў прыватным гаражы лідэра ПКБ Сяргея Калякіна, які адмовіўся адчыняць яго супрацоўнікам міліцыі без санкцыі на ператрус. Гараж апячатаны.

Адзіная прэтэнзія, якую пасля папярэдняй праверкі выставілі прадстаўнікам "Товарища" супрацоўнікі Савецкага РУУС, - гэта разгрузка накладу газеты не па юрыдычным адрасе рэдакцыі. Паводле міліцыянтаў, наклад забіраюць менавіта дзеля высвятлення прычыны гэткіх дзеянняў. Паводле С. Вазняка, ні да выходных дадзеных газеты, ні да транспартных дакументаў у прадстаўнікоў праваахоўных органаў пасля праверкі прэтэнзій не ўзнікла.
Галоўны рэдактар лічыць, што наклад яму вернуць, але ўпэўнены, што гэта адбудзецца пасля выбараў.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"