П.Марцаў: "Не спяшайцеся нас хаваць..."


Паводле папярэдняй інфармацыі, беларуская мяжа будзе закрытая для ўвозу перыёдыкі ў краіну напрацягу ўсяго наступнага тыдня. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 сакавіка галоўны рэдактар "БДГ. Деловая газета" Пётр Марцаў. Прэс-канферэнцыя была прысвечаная паўсталым на гэтым тыдні праблемам друкавання выданняў "Народная воля", "Товарищ" і "БДГ. Деловая газета".

П. Марцаў адразу паведаміў, што, насуперак інфармацыі, якая прайшла шмат у якіх СМІ, з яго газетай Смаленскі паліграфічны камбінат дамовы на друк не скасоўваў. На гэтым тыдні прадпрыемства проста не стала друкаваць нумар выдання; у размове з П. Марцавым (якая адбылася толькі на трэці дзень пасля адмовы ў друку) дырэктар друкарні заявіў, што ў паліграфкамбінату "не хапіла паперы". Пад пагрозай звароту ў расійскі Вышэйшы гаспадарчы суд ён даў галоўнаму рэдактару "БДГ" пісьмовую гарантыю, што наступны нумар выдання будзе надрукаваны паводле графіку.

Гэтая інфармацыя відавочна здзівіла прысутнага на прэс-канферэнцыі І. Сярэдзіча, які заявіў, што 13 сакавіка асабіста бачыў загад дырэктара друкарні адносна скасавання дамоваў з "Народнай воляй", "БДГ. Деловая газета" і "Товарищ" з прычыны адсутнасці вытворчых магутнасцяў і абаротных сродкаў на набыццё матэрыялаў для друку. Ён нагадаў, што ў той жа дзень заключыў дамову з іншай друкарняй у Смаленску, дзе і надрукаваў два здвоеныя нумары па 27 тысяч асобнікаў кожны (якія пасля затрымалі на мяжы).

Галоўны рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк не сумняецца, што дзеянни Смаленскай друкарні - гэта следства "палітычнага рашэння". "Відавочна, наша ўлада знайшла рычагі, з дапамогай якіх націснула на генеральнага дыырэктара". С. Вазняк сказаў, што будзе падаваць у суд на дзеянні Смаленскай друкарні і параллельна будзе шукаць магчымасцяў друкаваць "Товарищ" па-за межамі Смаленскай вобласці (губернатар якой, па некаторых звестках, асабіста аказаў ціск на адміністрацыю паліграфкамбінату).

Тым не менш, рэдактары газет заклікалі не паддавацца песімізму і крытычна ставіцца да выказванняў адносна таго, што, маўляў, у Беларусі не засталося недзяржаўнай прэсы. "Газеты выходзяць, яны друкуюцца, яны распаўсюджваюцца, вы іх бачыце", - зазначыў П. Марцаў. "Іншая справа - што іх магчымасці, іх фінансавы стан, іх уплыў, канешне, абмежаваныя. Але я ведаю, што адзін нумар "БДГ" чытае 14 чалавек. Думаю, што ў Іосіфа Паўлавіча не менш. Так што не спяшайцеся нас хаваць, калі ласка...", - рэзюмаваў галоўны рэдактар "БДГ".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"