Журналіст Андрэй Пачобут арыштаваны на 10 сутак
14 сакавіка суддзя Ленінскага раёна г. Гродна Наталля Козел прызнала Андрэя Пачобута, рэдактара часопіса "Magazyn polski na uchodzstwie", вінаватым у дробным хуліганстве і вызначыла яму пакаранне - 10 сутак адміністратыўнага арышту. Журналіст абвесціў на знак пратэсту сухую галадоўку.
Журналісту інкрымінавалі тое, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся каля будынку следчага ўпраўлення абласной міліцыі ў Гродне, - паведаміў рэсурс pahonia.promedia.by. А. Пачобута затрымалі 13 сакавіка ў Мінску супрацоўнікі КДБ, пасля чаго спачатку даставілі ў цэнтральны будынак КДБ, а пазней перавезлі ў Гродна.
Па словах калегаў А. Пачобута, ён прыязджаў у Мінск, каб збіраць матэрыял для публікацый ва ўплывовых польскіх выданнях "Gazeta Wyborcza" і "Rzeczpospolita". Яны наўпрост звязваюць затрыманне з прафесійнай дзейнасцю журналіста.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"