"Народную волю" зноў вязуць у міліцыю


Наклад двух здвоеных нумароў "Народнай волі", надрукаваны ў "Друкарні Міхайлава" ў Смаленску, зараз у суправаджэнні прадстаўнікоў ДАІ вязуць у Віцебскае абласное УУС. Пра гэта паведаміў БАЖ галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдіч, які асабіста суправаджаў наклад сваёй газеты па дарозе са Смаленску.

Па словах галоўнага рэдактара, беларускія мытныя службы ніякіх прэтэнзій да газеты не мелі. Спачатку на беларускім баку машыну з накладам затрымалі супрацоўнікі ДАІ, а потым прыехалі прадстаўнікі Дубровенскага РАУС, якія склалі вопіс газет, што знаходзіліся ў аўтамабілі. Пасля гэтага ім паступіла ўказанне прывезці наклад у Віцебск.

Нагадаем, што 3 сакавіка, таксама ў раёне Дуброўна, быў затрыманы спецвыпуск газеты, прысвечаны мінскім падзеям 2 сакавіка: інцыдэнту са збіццём Аляксандра Казуліна, а таксама сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі. Наклад гэтага нумару дагэтуль знаходзіцца ў Віцебскім абласным УУС.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"