У Мінску затрыманы Андрэй Пачобут


13 сакавіка ў Мінску невядомыя асобы затрымалі галоўнага рэдактара часопіса "Magazyn Polski" ў эміграцыі"), Андрэя Пачобута. Паводле папярэдніх звестак, яго ўжо прывезлі ў Гродна і сёння могуць судзіць нібыта за дробнае хуліганства. Пра гэта паведаміў БАЖ калега затрыманага, рэдактар "Glos znad Niemna" ў выгнанні" Анджэй Пісальнік.

Журналіста затрымалі пад час тэлефоннай гутаркі з карэспандэнтам інтэрнэт-рэсурсу pahonia.promedia.by, калі ён каментаваў сітуацыю вакол Саюзу палякаў на Беларусі (13 сакавіка споўніўся год з моманту правядзення з'езду СПБ, на якім старшынёй гэтай грамадскай арганізацыі была абрана Анжаліка Борыс). Журналіст паспеў паведаміць, што яго затрымліваюць невядомыя. Пасля гэтага можна было пачуць, як А. Пачобут запатрабаваў ад невядомых прадставіцца, а праз некалькі секунд яго мабільнік адключыўся.

Андрэй Пачобут прыязджаў у Мінск, каб збіраць матэрыял для публікацый ва ўплывовых польскіх выданнях "Gazeta Wyborcza" і "Rzeczpospolita". Анджэй Пісальнік наўпрост звязвае затрыманне з прафесійнай дзейнасцю калегі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"