На некалькі гадзін затрымалі украінскую тэлежурналістку
12 сакавіка ўвечары ў Мінску міліцыя на некалькі гадзін затрымала Ганну Гаражэнку, журналістку украінскага "5 каналу". Яе затрымалі пад час наўпроставага ўключэння з месца сустрэчы з выбаршчыками кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, і вызвалілі толькі пасля ўмяшальніцтва украінскага консула, хаця журналістка афіцыйна акрэдытаваная пры беларускім МЗС. Як паведаміла Г. Гаражэнка Радыё "Свабода", пад час затрымання былі пашкоджаныя камера "5 каналу" і мікрафон.
"Я ніколі такіх словаў на адрас чалавека не чула, ніколі такога хамства не бачыла. Гэта мяне шакавала", - прызналася Г. Гаражэнка ў інтэрв'ю "Свабодзе", каментуючы паводзіны супрацоўнікаў міліцыі. Журналістка планавала застацца ў Беларусі да канца выбарчай кампаніі, але канчатковае рашэнне будзе залежаць ад яе кіраўніцтва.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"