А.Бастунец: "Узнікаюць вялікія сумневы, што працэс пра "Згодзе" будзе праходзіць у адпаведнасці з законам…"
Ужо зараз узнікаюць сумневы ў тым, што судовы працэс па зыску аб спыненні дзейнасці газеты будзе праходзіць законна. Пра гэта заявіў намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" юрыст Андрэй Бастунец на прэс-канферэнцыі, што адбылася сёння ў офісе БАЖ. Між тым, паводле галоўнага рэдактара выдання Аляксея Караля, газета "Згода", якая праіснавала амаль 14 гадоў, фактычна спыняе сваё існаванне.
Днямі А. Кароль даведаўся, што Вышэйшы Гаспадарчы суд прыняў да разгляду зыск Міністэрства інфармацыі аб спыненні дзейнасці газеты "Згода", а таксама задаволіў хадайніцтва міністэрства аб прыпыненні газеты яшчэ да суда. Апошняя просьба абгрунтоўвалася неабходнасцю "забеспячэння зыску": міністэрства выказвала занепакоенасць, што за гэты час адказчык можа зноў груба парушыць патрабаванні закона аб друку. "Тым самым нам не далі выкарыстаць месячны тэрмін для абскарджання папярэджання Мінінфармацыі, - зазначыў А. Кароль. - Мы б рыхтавалі скаргу і маглі выходзіць да суда".
Юрысты БАЖ таксама лічаць вельмі сумніўным рашэнне прыпыніць выданне да суда з мэтай "забеспячэння зыску". "Тут гаворка ідзе не аб забеспячэнні выканання судовага рашэння, а аб прымяненні нейкіх прэвентыўных захадаў; па вялікім рахунку гэта - цэнзура. І тое, што Вышэйшы гаспадарчы суд "пайшоў на паваду" у Міністэрства інфармацыі, выклікае вялікія сумневы, што працэс будзе праходзіць у адпаведнасці з законам і надалей", - заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. Па яго інфармацыі, рэдакцыя збіраецца абскардзіць вызначэнне аб прыпыненні газеты да вынясення судовага рашэння.
А. Кароль нагадаў, што падставай для зыску аб спыненні дзейнасці газеты сталі 2 папярэджанні, атрыманыя рэдакцыяй (функцыі якой выконвае ІП Кароль) напрацягу года па арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ" : першае было вынесена 9 лістапада і тычылася гумарыстычных калажаў (за якія ў верасні галоўны рэдактар і яго намеснік былі аштрафаваныя на 100 базавых велічынь кожны); другое было вынесена 23 лютага за перадрукоўку малюнкаў, што сталіся прычынай "карыкатурнага скандалу".
Пра прыпыненне дзейнасці газеты ўжо папярэджаная друкарня "Плутос-маркет" (якая, па словах А. Караля, "ледзьве выкруцілася" з гісторыі з карыкатурамі). "Такім чынам, нумар, які мы падрыхтавалі да друку, застанецца ляжаць, як і папярэдні…"
"Гэта - працяг палітыкі рэпрэсіўнага пераследу газет у Беларусі, - рэюмаваў А. Кароль. - І нагода, як мне здаецца, не мае значэння: галоўнае, каб газеты не выходзілі…"
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"