Старшыню Гомельскай арганізацыі БАЖ папярэдзіла пракуратура
3 сакавіка старшыню Гомельскай арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Анатоля Гатоўчыца выклікалі ў абласную пракуратуру, дзе яму ўручылі афіцыйнае папярэджанне. Журналісту інкрымінуюць парушэнне п. 9 Палажэння аб прафесійнай дзейнасці ў Беларусі карэспандэнтаў замежных СМІ, а таксама арт. 40 Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".
У пракуратуры начальнік аддзелу агульнага нагляду А. Елісееў, які запрасіў журналіста на размову, адразу ж запатрабаваў выключыць дыктафон (хаця дыктафон знаходзіўся ў жрналіста ў сумцы і не быў уключаны). Спачатку ён азнаёміў А. Гатоўчыца са скаргамі намесніка кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Н. Малага і намесніка начальніка Цэнтральнага аддзелу ўнутраных спраў С. Яфіменкі: яны скардзіліся на тое, што А. Гатоўчыц па тэлефоне задаваў ім пытанні, не папярэдзіўшы, што размова запісваецца, а пасля прадаставіў іх выказванні Радыё "Свабода".
Журналіст патлумачыў, што ён сапраўды тэлефанаваў згаданым адказным асобам, прадстаўляючыся сябрам ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", аднак адзначыў, што папярэджваў суразмоўцаў аб выкарыстанні дыктафону. Акрамя гэтага, А. Гатоўчыц паведаміў, што дырэкцыя Radio Free Europe/ Radio Liberty неаднаразова (у верасні 2005 г. і ў студзені 2006 г.) падавала прадстаўленне на яго акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў РБ, але ў абодвух выпадках афіцыйнага пісьмовага адказу на іх не было.
Толькі пасля гэтага начальнік аддзелу агульнага нагляду Елісееў паказаў журналісту ўжо падпісанае в.а. пракурора Гомельскай вобласці Марозавым афіцыйнае папярэджанне. У ім, у прыватнасці, гаварылася, што А. Гатоўчыц вядзе журналісцкую дзейнасць у якасці карэспандэнта замежнага СМІ (Радыё "Свабода") без акрэдытацыйнага пасведчання, што парушае п. 9 Палажэння аб знаходжанні і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ. У папярэджанні таксама сцвярджалася, што А. Гатоўчыц парушае арт. 40 закона аб друку, які абавязвае журналіста пры атрыманні інфармацыі ад грамадзян і службовых асобаў паведаміць ім аб правядзенні аудыё- і відэазапісу, кіна- і фотаздымкаў. "У выпадку далейшага парушэння заканадаўства Вы можаце быць прыцягнутыя да вызначанай законам адказнасці", - папярэдзілі журналіста.
А. Гатоўчыц звяртае ўвагу на тое, што папярэджанне было падпісана 2.03.2006 г., тобок да атрымання ад яго тлумачэнняў у пракуратуры. Ён таксама падкрэсліў, што арт. 40 закона аб друку не патрабуе згоды службовых асобаў на выкарыстанне атрыманай ад іх інфармацыі, якая не тычыцца асабістага жыцця.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"